Эканаміст Сяргей Чалы пасьля начнога нападу невядомых у цэнтры Менску трэці дзень знаходзіцца ў шпіталі хуткай дапамогі. Дэталі нападу ён расказаў Свабодзе.
У гадзіну ночы 19 траўня незалежны эканаміст і блогер Сяргей Чалы быў пабіты невядомымі мужчынамі ў двары дома па вуліцы Леніна ў Менску, за ГУМам. Чалы знаходзіцца ў менскім шпіталі хуткай дапамогі: у яго чэрапна-мазгавая траўма, пералом носа, пашкоджана вока, шмат гематомаў і ранак на галаве, моцна пабітыя плячо і рука.
Сяргей не выключае, што напад на яго не звычайнае хуліганства, а помста і папярэджаньне. Але за што, ня можа зразумець.
«Білі ў асноўным па галаве, і яшчэ плячо сіняе. Усё баліць», — кажа Сяргей Чалы.
Пра сам напад невядомых асобаў ён ужо распавядаў міліцыянту і дзяжурнаму Сьледчага камітэту. Сяргей Чалы прызнаецца, што памятае няшмат падрабязнасьцяў. Паводле яго, зьбіваньне заняло ня больш за хвіліну, «нібыта сьпяшаліся», і ўвогуле выглядае падазроным.
Быў град удараў
Падчас бойкі я нават і спытаў, за што, але не адказалі.
«Гэта было каля ГУМа, на вуліцы Леніна. Там нейкая шаўрмічная „Курыца — памада“. Як павернеш за рог, арка. Каля гадзіны ночы мы выйшлі з шаўрмічнай і зайшлі ўтрох у арку, стаялі ў двары. Я стаяў тварам да аркі, размаўляў зь сябрам, ён быў сьпінай да аркі, тварам да мяне. А наш трэці сябар на хвілінку адышоў. Памятаю, як да нас падыходзіў нейкі мужчына, але пэўна, што канфлікту зь ім не было. Мы працягвалі размову, як раптам з аркі выбеглі на нас гэтыя людзі. Магчыма, чалавек 5. Беглі хутка, такім клінам. Адразу зьбілі з ног майго сябра і ўзяліся за мяне. Што памятаю? Твар мужчыны з кулаком, паднятым для ўдару, а вось у чым быў апрануты той, хто мяне першы ўдарыў, дакладна не памятаю. Далей град удараў, я спрабую адмахвацца, але ўдары сыплюцца з усіх бакоў. А потым яны гэтак жа моўчкі зьбеглі. Ані слова. Падчас бойкі я нават і спытаў, за што, але не адказалі», — расказаў пра тыя падзеі Сяргей Чалы.
Ён дадаў, што нападнікі не зацікавіліся ягонымі рэчамі: «У мяне дарагі тэлефон, партманэт у кішэні, заплечнік. Ніякага інтарэсу».
Паводле Сяргея Чалага, перад гэтым у яго не было канфліктаў зь мінакамі ці з наведнікамі кавярні каля Цэнтральнага ўнівэрсаму, дзе ён зь сябрамі піў піва.
«Нас была вялікая кампанія, шмат знаёмых, але ўсё было мірна. Піў толькі піва, асабіста я іншых напояў не ўжываю. З кавярні „Цэнтральнага“ мы пайшлі ў шаўрмічную, яшчэ там пасядзелі. Але там увогуле не было наведнікаў, канфліктаваць не было з кім».
«Раптам яны пабеглі на нас і пачалі біцца»
Аляксандар Васюковіч быў у кампаніі зь Сяргеем Чалым, але за хвіліну да нападу адышоў у бок. Аляксандар сказаў Свабодзе, што гэта выратавала яго ад зьбіцьця невядомымі.
«Памятаю аднаго зь іх, паголенага, невялікага росту, хударлявага. Гэта ён падыходзіў да Сяргея і нешта яму казаў, але сапраўды канфлікту паміж імі не было. Чалавек сышоў, але, відаць, каб вярнуцца ужо з кампаніяй. Яны прыйшлі у той двор пазьней за нас, Сяргей іх і ня бачыў. Як раптам яны пабеглі на нас і пачалі біцца. Сяргея зьбівалі два зь іх, адзін нашага сябра Сакалоўскага. Потым пагналіся за мной, але я адбег і дастаў мабільны тэлефон, дык яны спыніліся і ўцяклі. Увогуле чаму яны на нас напалі, не разумею», — згадаў пра інцыдэнт Аляксандар Васюковіч.
Пры гэтым Сяргей Чалы ня ведае прычын для нападу, якія могуць быць зьвязаныя зь ягонай дзейнасьцю як эканаміста і інтэрнэт-вядоўцы.
За апошнія часы шмат было вострых перадач, але ніхто не выказваў заўваг ці прэтэнзій. Ды і я ж ведаю, як выказацца так, каб іх не было.
«За апошнія часы шмат было вострых перадач, але ніхто не выказваў заўваг ці прэтэнзій. Ды і я ж ведаю, як выказацца так, каб іх не было. Нейкая дзікая гісторыя».
Паводле Сяргея Чалага, сьледчая з СК паведаміла яму, што паводле ягонай заявы будзе заведзеная крымінальная справа. У Сьледчым камітэце пакуль не ўдалося пацьвердзіць гэтую інфармацыю.
Беларуская асацыяцыя журналістаў 21 траўня заклікала генэральнага пракурора, старшыню Сьледчага камітэту і міністра ўнутраных спраў узяць расьсьледаваньне справы аб нападзе на Чалага пад асабісты кантроль.