Трохгадовы кантракт Дыега Марадоны зь берасьцейскім «Дынама» можа перавышаць 20 мільёнаў даляраў. Пра гэта піша аргентынская прэса. У самім клюбе кажуць пра канфэдэцыяльнасьць кантракту і не называюць сумы.
«Шмат хто кажа, што Марадона падпісаў найлепшы кантракт у сваім жыцці», — партал by.tribuna.com цытуе аргентынскае выданьне La Nacion.
Яшчэ адно аргентынскае выданьне Caras паведамляе, што пагадненьне можа быць разьлічана на некалькі мільёнаў даляраў.
У самім клюбе Свабодзе не змаглі пацьвердзіць інфармацыю пра 20-мільённы кантракт, заключаны паміж футбольным клюбам і Дыегам Марадонам.
«Як я магу камэнтаваць інфармацыю з аргентынскіх крыніцаў? — адказала Свабодзе Вольга Хіжанкова, прэс-сакратарка „Дынама-Берасьце“. — Умовы кантракту нават для прэс-службы [невядомыя], яны канфэдэнцыяльныя. Ня думаю, што нехта з клюбу можа можа пацьвердзіць ці абвергнуць гэтую сытуацыю».