Найлепшы футбаліст ХХ стагодзьдзя па вэрсіі Міжнароднай футбольнай фэдэрацыі аргентынец Дыега Марадона стаў старшынём праўленьня берасьцейскага футбольнага клюбу «Дынама». Кантракт падпісаны тэрмінам на тры гады, паведамляецца ў Твітары клюбу.
58-гадовы Марадона будзе займацца пытаньнямі стратэгічнага разьвіцьця клюбу, узаемадзейнічаць зь ягонымі структурнымі падразьдзяленьнямі, уключна зь дзіцячай акадэміяй берасьцейскага «Дынама».
Аргентынец прыступіць да выкананьня паўнамоцтваў пасьля заканчэньня футбольнага чэмпіянату сьвету ў Расеі ў ліпені.
Раней паведамлялася, што Марадона стане трэнэрам «Дынама», пазьней гаварылася пра пасаду спартыўнага дырэктара, сам ён у Instagram напісаў, што зойме пасаду прэзыдэнта.
Дыега Марадону называюць адным з найлепшых футбалістаў у гісторыі. У 1986 годзе ён стаў чэмпіёнам сьвету ў складзе зборнай Аргентыны і быў прызнаны найлепшым гульцом сьвету. Ня менш вядомы ён і скандаламі. Футбаліст трапляўся на допінгу, ужываў наркотыкі, страляў па журналістах і публічна падтрымліваў антызаходнюю палітыку Фідэля Кастра і Ўга Чавеса.
У якасьці трэнэра цягам апошніх дзесяці гадоў Марадона ўзначальваў зборную Аргентыны і два клюбы з Арабскіх Эміратаў — без асаблівых посьпехаў.
У сярэдзіне 2016 года кампанія з офісам ў Дубаі «SOHRA Overseas» набыла кантрольны пакет акцый ААТ «Футбольны клюб „Дынама Берасьце“». Паводле Tut.by, рэальным гаспадаром клюбу называюць былога памочніка Віктара Лукашэнкі бізнэсоўца Аляксандра Зайцава.
«Дынама» двойчы заваёўвала Кубак Беларусі (2007 і 2017) і адзін раз Супэркубак краіны (2018). У леташнем чэмпіянаце Беларусі берасьцейцы фінішавалі чацьвёртымі.