Беларускі «бязьвіз» не пашкодзіў Расеі. Такое прызнаньне зрабіў 15 траўня Зьміцер Дземідзенка, намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня ў пытаньнях міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Расейскай Фэдэрацыі.
Падчас дыскусіі на круглым стале аб актуальных пытаньнях міграцыйнай палітыкі ў так званай саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі ў Менску палкоўнік Дземідзенка сказаў, што ўвядзеньне бязьвізавага ўезду на тэрыторыю Беларусі «істотнага ўплыву на сытуацыю з грамадзянамі трэціх краін, якія намагаліся затым праз Беларусь уехаць на тэрыторыю Расеі, беларускі бязьвіз не аказаў».
Пры гэтым не назваў ніякіх лічбаў, але адзначыў: «Не скажу, што такіх людзей было шмат».
У лютым у інтэрвію расейскім «Известиям» міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей назваў нематываванай расейскую крытыку наконт «пагрозы беларускага бязьвізу».
«Сумесная беларуска-расейская мяжа — гэта наш агульны здабытак і адказнасьць. Таму мы дакладна і для кагосьці непрыемна рэагуем на аднабаковыя нематываваныя крокі, пад якія заднім лікам падвёрстваецца „пагроза беларускага бязьвізу“. Урэшце мы ж не ўчынялі скандалу, скажам, праз тое, што толькі ў 2016 годзе паміж Расеяй і Кітаем было зьдзейсьнена 760 тысяч паездак у рамках групавога бязьвізавага турабмену», — сказаў Макей.
Паводле яго, сумесная мяжа Беларусі з Расеяй у апошнія гады стала прадметам пастаянных абмеркаваньняў на розных узроўнях, асабліва ў кантэксьце ўведзеных расейскім бокам кантрольных захадаў у дачыненьні да грамадзян трэціх краінаў.
У студзені Беларусь перадала Расеі абноўлены варыянт пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў.
Пытаньне аб перасячэньні грамадзянамі трэціх краін беларуска-расейскай мяжы паўстала летась пасьля рашэньня Беларусі дазволіць пяцідзённы бязьвізавы ўезд для грамадзян 80 дзяржаў.
«Гэта ненармальна, калі паміж дзьвюма братнімі дзяржавамі і народамі зноў аднаўляецца мяжа, якую мы з такой цяжкасьцю здымалі больш за 20 гадоў таму. Ня ведаю, каму гэта трэба», — сказаў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб лібэралізацыі візавага рэжыму.
Калі запрацуе адзіная візавая прастора?
Пакуль невядома, калі канкрэтна запрацуе анансаваная раней адзіная візавая прастора Беларусі і Расеі.
Ні намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня ў пытаньнях міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Расеі Зьміцер Дземідзенка, ні намесьнік дырэктара другога дэпартамэнту краін СНД Міністэрства замежных спраў Расеі Дзьмітры Вятроў не змаглі 15 траўня сказаць журналістам, калі ж канкрэтна пачне дзейнічаць адзіная візавая прастора так званай саюзнай дзяржавы.
Як Расея адрэагавала на беларускі «бязьвіз»
9 студзеня 2017 году Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб увядзеньні пяцідзённага бязьвізавага рэжыму пры ўезьдзе праз Нацыянальны аэрапорт Менск для грамадзян 80 дзяржаў.
У лютым 2017 стала вядома, што Расея ўводзіць на мяжы зь Беларусьсю памежную зону. Зь 15 траўня ўсе беларускія рэйсы ў расейскіх аэрапортах перавялі ў міжнародныя тэрміналы, а ў пасажыраў правяралі дакумэнты. Беларусы сталі скардзіцца, што цяпер пашпартны кантроль займае больш часу. У кампаніі «Белавія» паведамлялі, што рашэньне расейскага боку можа паўплываць на транзыт празь Менск, адкан ніякіх захадаў у адказ Менск не распачаў.
20 кастрычніка 2017 першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Расеі Аляксандр Гаравы заявіў, што ўвесну 2018 году на мяжы Расеі зь Беларусьсю могуць быць пастаўленыя часовыя памежныя пасты, і патлумачыў гэта занепакоенасьцю расейскіх уладаў з нагоды адкрытасьці беларуска-расейскай мяжы ў сувязі з увядзеньнем Беларусьсю на пачатку 2017 году 5-дзённага бязьвізавага рэжыму для грамадзян 80 краінаў сьвету.