У Берасьці адбыліся суды над затрыманымі 6 траўня Сяргеем Пятрухіным, Аляксандрам Кабанавым і Дзьмітрыем Андрасюком.
Суд прызнаў іх вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і пакараў штрафамі. Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава — па 50 базавых велічыняў кожнаму (1225 рублёў), Дзьмітрыю Андрасюку — 20 базавых велічыняў (490 рублёў).
Сяргей Пятрухін заявіў, што міліцыянты падалі суду непраўдзівыя зьвесткі.
«У рапартах напісалі, што мы раздавалі ўлёткі. На відэа ў судзе глядзелі — не раздаваў ніхто з нас улёткі. Міліцыянты сьведчаць, што мы да нечага заклікалі. Відэа глядзім — ніхто ні да чога не заклікаў. Проста распавядалі людзям, за што зьбіраем подпісы. Тым ня меней асудзілі за пікетаваньне», — сказаў Сяргей Пятрухін пасьля прысуду.
Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў, а таксама жыхар Берасьця Дзьмітры Андрасюк былі затрыманыя 6 траўня, калі зьбіралі подпісы за адстаўку кіраўнікоў Берасьцейскай вобласьці, раёну, і самога Берасьця.
Збор подпісаў і затрыманьне Сяргей Пятрухін паказваў у жывым эфіры на Youtube.
Сёлета Пятрухіна і Кабанава каралі штрафамі пасьля іх трансьляцый з акцыяў пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем, а таксама за выпуск відэаблогу пра завод акумулятараў у Пінску. Раней берасьцейцы скідваліся на сплату іх штрафаў, дамаўляючыся праз сацыяльныя сеткі.
Збор подпісаў за адстаўку кіраўнікоў Берасьцейшчыны вядзецца праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем. Такім чынам людзі выказваюць «недавер чыноўнікам, якія далі дазвол на будоўлю акумулятарнага заводу, супраць якой падпісаліся больш за 37 тысяч жыхароў Берасьця».
Акумулятарны завод будуецца непадалёк ад Берасьця. Людзі мяркуюць, што ён можа нанесьці шкоду іх здароўю і навакольнаму асяродзьдзю.