Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кніжная начальніца» зь Мінінфармацыі: Беларуская мова цяпер у трэндзе


Ля беларускага стэнда
Ля беларускага стэнда

На найбуйнейшым у Чэхіі штогадовым кніжным кірмашы "Сьвет кнігі" ўжо другі год асобным стэндам удзельнічае Беларусь. Мы пагаварылі з кіраўніцай беларускай дэлегацыі, начальніцай упраўленьня выдавецкай і паліграфічнай дзейнасьці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аленай Паўлавай.

— Як часта Беларусь удзельнічае ў міжнародных кніжных кірмашах? Якая геаграфія гэтага ўдзелу?

— Мы стараемся прадстаўляць беларускую кнігу як можна шырэй, але гэта залежыць і ад фінансавых магчымасьцяў, і ад разьвіцьця супрацоўніцтва з рознымі краінамі. Давайце паглядзім на каляндар, пачынаючы зь лютага (бо студзень на кніжныя выставы пусты). Наш год пачынаецца зь Менскай міжнароднай кніжнай выставы, дзе штогод удзельнічае ўжо больш за 30 краінаў, пасьля беларускія кнігавыдаўцы едуць у Літву. У сакавіку — Парыж, дзе мы ўдзельнічалі ўжо два разы, і Астана. У красавіку — Душанбэ. Вельмі багаты на выставы травень — гэта Варшава, Санкт-Пецярбург і, вось, Прага, якая становіцца добрай традыцыяй. Пасьля — «Красная Плошча» ў Маскве, у жніўні — Пэкін, у верасьні — зноў Масква, у кастрычніку — Франкфурт і Бялград. Пасьля, і яшчэ нешта ў лістападзе, цяпер ужо не магу прыгадаць... Стараемся ахапіць і Ўсход, і Захад.

— Шматвэктарна...

— Ну, вядома, ня ўсюды атрымліваецца, ні разу мы не былі ў Лёндане, а вельмі хацелася б паглядзець. Праўда, нашы прыватныя кнігавыдаўцы сёлета ў Лёндане былі. Гэта выстава продажу правоў, кнігі там не паказваюць.

Алена Паўлава
Алена Паўлава

— Якую мэту вы ставіце перад сабой, удзельнічаючы ў гэтых выставах?

— Найперш едуць выдаўцы дзеля кантактаў. Пасьля магчымыя перавыданьні, набыцьцё правоў, продаж правоў. Мая мэта як чыноўніцы — прадставіць беларускае кнігавыданьне, сказаць, што мы ёсьць, што мы не апошнія. Мы ўдзельнічаем у міжнародных конкурсах, і беларуская кніга як заўсёды вылучаецца мастацтвам афармленьня. У нас ёсьць і добрыя мастакі — ну, пісьменьнікі само сабой, але кнігу яшчэ трэба аздобіць. Так што кніга нашая на добрым рахунку — неяк мы ў Нямеччыне ўдзельнічалі ў конкурсе, і тры нашыя кнігі ўвайшлі ў сотню найлепшых кніг. Праўда, гэта было даўнавата, апошнімі гадамі мы ня ўдзельнічалі.

— Што найбольш цікавіць наведнікаў беларускіх стэндаў на выставах, удзельнікаў, дзелавых партнэраў? Што найлепш удаецца прадаць?

— Нават цяжка сказаць... Вось бачыце, цяпер, падышлі людзі — іх зацікавілі беларускія мастакі. Хто нашы наведнікі? Гэта або нейкія спэцыялісты, або беларусы замежжа, іх вельмі шмат, іх цікавіць гісторыя, традыцыі, народная творчасьць — кавальства, саломапляценьне, лаза, народныя строі, архітэктура. Спадчына перш за ўсё карыстаецца поссьпехам.

Ну і, вядома, пісьменьнікі. Заўсёды цікавіць і Быкаў, і Янка Купала, і Багдановіч.

— А больш сучасныя пісьменьнікі? Клясыка клясыкай, але калі б вас папрасілі назваць што-небудзь значнае зь беларускай літаратуры апошніх трыццаці гадоў? Запрапанаваць перакласьці, выдаць...

— Ну гэта трэба размаўляць з выдаўцамі. Яны ведаюць, яны выдаюць сучасьнікаў. Ёсьць і Нацыянальная літаратурная прэмія, у конкурсе якой удзельнічаюць толькі сучасьнікі. Але вядома, вазіць трэба болей, але і тут праблемна прывезьці ўсё, бо мы едзем на машыне — межы, мытні... Але сучасная літаратура выдаецца, выдае і «Мастацкая літаратура», і іншыя — у нас больш за 500 выдаўцоў! Мы нікога не абмяжоўваем, прыватныя выдавецтвы свабодна выдаюць.

— А якія дачыненьні існуюць паміж бюджэтнымі выдавецтвамі і прыватнымі? Яны канкурэнты? Саюзьнікі? Напрыклад, наколькі на афіцыйных беларускіх стэндах прадстаўленыя незалежныя выдаўцы?

— Мы запрашаем да ўдзелу ўсіх і грошы за гэта не бярэм. Напрыклад, удзел у гэтай выставе аплачвае Міністэрства інфармацыі. Было б жаданьне — калі ласка. Наколькі мы можам браць — настолькі бярэм.

— Што да папулярызацыі беларускай літаратуры. Амаль ва ўсіх краінах ёсьць арганізацыі або ўстановы, якія маюць праграмы падтрымкі выданьня сваёй літаратуры за мяжою. У прыватнасьці — фінансуюць поўнасьцю або часткова выдаткі на пераклад мастацкай літаратуры з сваёй нацыянальнай мовы на замежныя. Калі нешта падобнае ўзьнікне ў Беларусі?

— Гэта сапраўды вельмі важна, бо мы выдаем і стараемся падтрымліваць у сябе культуру іншых краінаў, а са сваёй літаратурай... Вядома, да нашай літаратуры ёсьць цікавасьць — ва ўсім сьвеце выдаецца Алексіевіч. Але тут трэба думаць. Пытаньне добрае, адказу пакуль няма, трэба над гэтым працаваць.

Кірмаш наведаў беларускі амбасадар у Чэхіі Валер Курдзюкоў
Кірмаш наведаў беларускі амбасадар у Чэхіі Валер Курдзюкоў

— Як пачуваецца беларускі кніжны рынак ва ўмовах, калі ў беларускіх кнігарнях амаль усю прасторы займае расейскі кніжны імпарт?

— Безь яго кнігагандаль проста ня выжыве, а яму таксама трэба неяк выжываць. Але на сёньня ў кнігагандлі працэнтаў 50 усёй кніжнай прадукцыі — гэта кнігі беларускіх вытворцаў. А што датычыць мовы — тут ужо сапраўды, я статыстыку адсочваю штоквартальна: апошнія два гады пайшоў рэзкі ўздым, беларуская мова цяпер у трэндзе. Пачалі купляць дзіцячыя кнігі, прычым і бібліятэкі, і кнігагандаль просяць — дайце нам дзіцячыя кнігі на беларускай мове! Гэта вельмі добрая перадумова для таго, каб мова разьвівалася — галоўнае, каб чыталі дзеці. Будуць чытаць дзеці — пасьля яны вырастуць. Па працэнтах, калі ўзяць тыражы — ужо кожная пятая кніга ў нас выходзіць на беларускай мове. Паводле назваў — менш, але паводле тыражу паказьнікі растуць.

— А ці ўсе элемэнты кніжнага рынку ў Беларусі разьвітыя дастаткова? Мне здаецца, што — напрыклад, у параўнаньні з Польшчай ці Чэхіяй — недастаткова рэклямы кніг, спэцыяльных выданьняў з рэцэнзіямі, аглядамі...

— Мы гаворым пра гэта штомесячна і штодзённа, разглядалі гэтыя пытаньні на калегіях. Кожную кнігу мусіць суправаджаць рэклямная праца і з боку выдаўцоў, і з боку кнігагандлю, і з боку аўтара. Бо цяпер кнігу проста так не пакладзеш і не прадасі — яе ніхто не заўважыць. Ад самога пачатку, яшчэ ад задумы і аўтар, і выдавец мусяць яе паказваць — у нас ёсьць і часопісы, і газэты, насустрач ідзе і тэлевізія. Так што я з вамі згодная: рэкляма, рэкляма і рэкляма.

— Як уплывае на разьвіцьцё кніжнай справы «раздваеньне» літаратурнага сьвету Беларусі? Вы згадалі пра дзяржаўную Нацыянальную літаратурную прэмію. Існуе і незалежная Прэмія Гедройця. І гэтыя прэміі існуюць як на розных плянэтах...

— Гэты падзел штучны. Вось цяпер у нас ідзе падрыхтоўка — прыём твораў на Нацыянальную літаратурную прэмію. Я ўваходжу ў экспэртную камісію. І няма такога, што некаму не дазваляецца падаваць нам заяўкі. Летась — калі ласка — падала Рублеўская і стала пераможцай.

— А Рублеўская для вас — гэта ўжо «з другога боку»?

— А я не гляджу, зь якога яна боку. Але яна — сябар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Дык чаму не падаюць заяўкі? Я ж не кажу, што «прымаем заяўкі ад усіх, апрача некага», калі ласка — заяўляйцеся. Хай працуе камісія, хай працуе журы. Скажу шчыра, я ўсё жыцьцё працую ў гэтай сфэры і не дзялю на «нашых» і «вашых».

Журналістка Інэса Плескачэўская прадставіла на кірмашы сваю кнігу пра падарожжы па мясьцінах Францішка Скарыны
Журналістка Інэса Плескачэўская прадставіла на кірмашы сваю кнігу пра падарожжы па мясьцінах Францішка Скарыны

— А ці ў вас ад працы яшчэ застаецца час чытаць мастацкую літаратуру?

— Усё менш і менш. І гэта вельмі сумна,. Я спрабую ўсё чытаць, апошняе, што я пачала чытаць — «Палын-вада» Анатоля Разановіча. А праглядаю вельмі шмат чаго, бо ўсе кантрольныя экзэмпляры ідуць праз нас. Зараз буду чытаць тых, каго падалі на Нацыянальную літаратурную прэмію, бо я — і ў экспэртнай радзе, і ў журы.

— І вам трэба будзе гэта ўсё прачытаць... Колькі там ужо кніг?

— Ужо больш за 50. Але ў нас там ёсьць і літаратуразнаўцы — Саверчанка, Гарадніцкі, яны будуць чытаць больш сур’ёзнае, а я дамовілася, што буду чытаць паэзію і дзіцячую літаратуру — як мама, як бабуля я зразумею, што можа дзіцяці спадабацца, а што ня можа, ёсьць там стыль або не.

— Якія вашыя ўлюбёныя беларускія пісьменьнікі?

— Мне вельмі спадабалася — хоць, на жаль, яна летась не перамагла — кніга «Адваротны бок люстра» Ксеніі Шталянковай. Ну, пра клясыку я гаварыць ня буду — клясыка ёсьць клясыка. Ну, яшчэ Рублеўская, хоць для мяне яна крыху складаная. На жаль, з сучасных я ня надта што чытала.

— Вы назвалі два імя — абедзьве жанчыны...

— Ну я й сама жанчына — што ж я буду мужчын называць. Падтрымліваю жанчын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG