Канадзкі спэцыяліст Дэйв Льюіс пакінуў пасаду галоўнага трэнэра зборнай Беларусі ў хакеі. Пра гэта паведамляе сайт Фэдэрацыі хакею Беларусі. Да канца чэмпіянату сьвету абавязкі галоўнага трэнэра будзе выконваць Сяргей Пушкоў.
«Пасьля няўдалага старту на чэмпіянаце сьвету, а таксама з улікам сытуацыі, у якой апынулася зборная Беларусі ў хакеі з шайбай, Фэдэрацыя хакею Беларусі і галоўны трэнэр зборнай Дэйв Льюіс прынялі сумеснае рашэньне аб тым, што ўзначаліць зборную Беларусі павінен іншы спэцыяліст. Дэйв Льюіс лічыць, што зьмены ў трэнэрскім штабе могуць даць камандзе неабходны імпульс для паляпшэньня гульні, таму пакідае месца разьмяшчэньня зборнай», — адзначаецца ў паведамленьні Фэдэрацыі хакею.
Фэдэрацыя хакею Беларусі падзякавала Дэйву Льюісу за сумесную працу.
Беларуская зборная стартавала на чэмпіянаце сьвету ў Даніі з трох паразаў запар. Спачатку каманда Дэйва Льюіса прайграла Швэцыі (0: 5), потым Францыі (2: 6), а 7 траўня — Расеі (0: 6).
Беларускія хакеісты стартуюць на чэмпіянаце сьвету. Што варта ведаць і чаго чакаць
Сяргей Пушкоў, які будзе ўзначальваць каманду да канца чэмпіянату сьвету, зьяўляецца галоўным трэнэрам горадзенскага «Нёмана». З горадзенскай камандай расейскі спэцыяліст два гады запар станавіўся чэмпіёнам Беларусі.
У 2017 годзе Пушкоў быў прызнаны найлепшым трэнэрам Беларусі. На гэтым чэмпіянаце сьвету ён быў асыстэнтам Дэйва Льюіса.
Дэйв Льюіс быў прызначаны галоўным трэнэрам зборнай Беларусі ў канцы 2014 году. Да гэтага ў Беларусі ён працаваў асыстэнтам Глена Хэнлана ў зборнай Беларусі (у 2009 годзе), а потым у менскім хакейным клюбе «Дынама». У 2010 годзе быў памочнікам галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай Беларусі Міхаіла Захарава на Алімпіядзе.
На чэмпіянаце сьвету 2015 году ў Чэхіі беларускія хакеісты занялі 7-е месца, упершыню адолеўшы зборную ЗША (5:2). Той чэмпіянат быў адным з самых пасьпяховых для беларускай каманды, але на сусьветных першынствах 2016 і 2017 гадоў каманда выступіла няўдала — заўзятары да апошняга вымушаныя былі спадзявацца на цуд. Выніковае месца ў табэлі за 2016 год — 12-я пазыцыя. Па выніках чэмпіянату сьвету 2017 году беларуская каманда пад кіраўніцтвам Дэйва Льюіса зачапілася за перадапошняе 13-е месца ў групе і тым самым пазьбегла разжалаваньня ў рангу.
У верасьні 2016 году нацыянальная каманда не змагла кваліфікавацца на Алімпіяду, прайграўшы Славеніі ў Менску.
Пасьля паразы ад Францыі (2: 6) Дэйв Льюіс ня выключыў, што зборная Беларусі можа вылецець з топ-дывізіёну.
Напярэдадні чэмпіянату сьвету 2018-га стала вядома пра канфлікт Люіса з Андрэем Сцяпанавым, якога трэнэр двойчы запар ня ўзяў на чэмпіянат сьвету насуперак добрым паказьнікам нападніка на папярэдніх турнірах. Рашэньне трэнэрскага штабу выклікала крытыку з боку самога гульца: ён абвінаваціў трэнэра ў тым, што той уявіў сябе «бажком».