Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нармалізацыя дачыненьняў паміж Польшчай і Беларусьсю залежыць ад сытуацыі вакол Саюзу палякаў


Дзень палякаў у Горадні
Дзень палякаў у Горадні

Віцэ-маршалак сэнату Польшчы Богдан Барусэвіч, які прысутнічаў у Горадні сьвяткаваньнях Дня палякаў, якія пражываюць за мяжой. Сьвяткаваньні арганізаваў непрызнаваны афіцыйным Менскам Саюз палякаў Беларусі.

Падчас урачыстасьцяў Богдан Барусэвіч заявіў журналістам, што нармалізацыя дачыненьняў паміж Польшчай і Беларусьсю можа наступіць толькі пасьля таго, як нармалізуецца сытуацыя вакол Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс.

Віцэ-маршалак Сэнату Польшчы выступае ў Горадні перад сябрамі Саюзу палякаў падчас сьвяткаваньня Дня палякаў, якія пражываюць за мяжой
Віцэ-маршалак Сэнату Польшчы выступае ў Горадні перад сябрамі Саюзу палякаў падчас сьвяткаваньня Дня палякаў, якія пражываюць за мяжой

Паводле віцэ-маршалка Барусэвіча, сытуацыя з палякамі ў Беларусі да канца не нармалізаваная.

«Саюз палякаў пад кіраўніцтвам Борыс хоць і не перасьледуецца беларускімі ўладамі, але дагэтуль незарэгістраваны», — завіў Барусэвіч.

Ён лічыць, што стараньні, якія апошнім часам праявіў польскі ўрад дзеля паляпшэньня дачыненьняў зь Беларусьсю, сытуацыі не зьмянілі.

«Я ведаю, што надалей ёсьць праблемы з адкрыцьцём яшчэ адной першай клясы ў школе з польскай мовай навучаньня ў Горадні. Бацькі дзяцей, якія езьдзяць у Польшчу для навучаньня польскай мове, выклікаюцца на нейкія размовы. Сытуацыя выглядае неяк дзіўна, але я спадзяюся, што яна зьменіцца, бо гэта мае непасрэдны ўплыў на польска-беларускія дачыненьні», — заявіў віцэ-маршалак Сэнату.

Сьвяткаваньне Дня палякаў, якія пражываюць за мяжой у Горадні
Сьвяткаваньне Дня палякаў, якія пражываюць за мяжой у Горадні

Богдан Барусэвіч падкрэсьліў, што цяпер партыя, у якую ён уваходзіць, застаецца ў апазыцыі, але, паводле яго, калі размова датычыць праблемаў палякаў ў Беларусі, то ў Польшчы не існуе розьніцы да стаўленьня ў вырашэньні гэтых пытаньняў.

«Калі нехта думае, што са зьменай ураду ў Польшчы зьменіцца і стаўленьне да сытуацыі з палякамі ў Беларусі, то ён памыляецца. Калі маюць быць нармалізаваныя дачыненьні паміж Польшчай і Беларусьсю, то мусіць быць нармалізаваная сытуацыя вакол Саюзу палякаў Беларусі», — падкрэсьліў віцэ-маршалак Барусэвіч.

Паводле яго, размовы польскага ўраду зь беларускімі ўладамі вядуцца на розных узроўнях, але вынікаў пакуль няма. Праўда, ён заўважыў, што зьмены ў гэтай частцы Эўропы ўсё роўна наступяць і беларускія ўлады будуць вымушаныя зьмяніць сваю палітыку.

«А ў выніку зьменіцца і стаўленьне беларускіх уладаў да Саюзу палякаў, яго дзейнасьці. Ім будуць вернутыя аб’екты, якія пабудаваныя на грошы польскіх падаткаплатнікаў. Бо ўсе тыя Польскія дамы, якія беларускія ўлады перадалі ў карыстаньне прадзяржаўнаму Саюзу палякаў, пабудаваныя за польскія грошы, і мы аб гэтым памятаем. І ня можа быць так, што нехта можа забраць гэтыя дамы і сказаць, што гэта нас не датычыць. Гэта нас датычыць, паколькі грошы на будаўніцтва гэтых дамоў выдзяляліся праз Сэнат Польшчы, а значыцца зь бюджэту Польшчы, і гэта грошы польскага падаткаплатніка», — заўважыў віцэ-маршалак Сэнату Богдан Барусэвіч.

Ад 2005 году ў Беларусі існуюць два Саюзы палякаў. Адзін зь іх падтрымліваюць беларускія ўлады, а другі, пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс, імі не прызнаецца, але мае падтрымку ад уладаў Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG