Амэрыканскае касьмічнае агенцтва NASA запускае місію па вывучэньні глыбінных слаёў глебы і сэйсьмічнай актыўнасьці на Марсе. Плянуецца, што зонд InSight будзе запушчаны з базы ВПС Вандэнбэрґ у Каліфорніі да сьвітаньня 5 траўня на ракеце Atlas 5.
Місія InSight Mars будзе вывучаць унутраныя аб’екты плянэты праз правядзеньне сэйсьмічных дасьледаваньняў, выкарыстаньне геадэзічных мэтадаў і цеплаперадачы, паведамляе NASA.
Як адзначае агенцтва на афіцыйным сайце InSight Mars, гэта першая місія, якая павінна дэталёва вывучыць Марс знутры.
«Атрыманыя дадзеныя па фарміраваньні Марса дапамогуць нам лепш зразумець, як ствараліся і ствараюцца іншыя скалістыя плянэты, у прыватнасьці плянэта Зямля», — адзначае агенцтва.
NASA плянавала запусьціць місію InSight Mars яшчэ 2016 года, аднак праз тэхнічныя няспраўнасьці рашэньне адклалі. Тады плянавалася, што пасадачны модуль InSight на Марсе прасьвідруе сьвідравіну, каб прааналізаваць кару, мантыю і ядро плянэты.