Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк на нарадзе ў Магілёўскім аблвыканкаме акрэсьліў задачы падчас пасяўной кампаніі, паведамляе БелаПАН.
«Асноўныя задачы ў пэрыяд пасяўной кампаніі — забясьпечыць гатоўнасьць і захаванасьць сельскагаспадарчай тэхнікі, наяўнасьць у прадпрыемстваў угнаеньняў, іх належнае захоўваньне, своечасовасьць выплаты заработнай платы, недапушчэньне „мэханічнага“ прыцягненьня кіраўнікоў прадпрыемстваў да адміністрацыйнай адказнасьці за невыкананьне працоўнага заканадаўства. У прыватнасьці, пры затрымцы выплаты на 1-2 дня», — заявіў Аляксандар Канюк. Ягоная цытата прыводзіцца ў паведамленьні на сайце Генпракуратуры.
На думку генэральнага пракурора, пытаньням пажарнай бясьпекі, кантролю за працоўнай дысцыплінай, скарачэньня дэбіторскай запазычанасьці павінна ўдзяляцца павышаная ўвага.
Кіраўнік галоўнага нагляднага ведамства краіны зьвярнуў увагу на часам неналежнае вядзеньне бухгальтарскага ўліку ў прадпрыемствах АПК. Ён прывёў прыклады выяўленых парушэньняў пры сьпісаньні і ўліку сельскагаспадарчай тэхнікі. Раіў сельскагаспадарчым арганізацыям выключыць пасрэдніцкія структуры пры закупліваньні таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў.
«Аграспэцназ»: у беларускай міліцыі зьявяцца спэцыяльныя групы нагляду за пасяўной
У сакавіку Аляксандар Лукашэнка адзначаў, што цяпер пасяўная кампанія ня мусіць выклікаць «сумневаў ці цяжкасьцяў», як некалі, і што цяпер не патрэбна вялікая мабілізацыя людзей. У мінулым верасьні ён казаў, што 2018-ы будзе «галоўным годам» для беларускай сельскай гаспадаркі.
Сёлета ў беларускай міліцыі зьявяцца спэцыяльныя групы нагляду за пасяўной і станам тэхнікі – як летась былі групы нагляду за ўборачнай.