Раніцай у панядзелак, 30 красавіка, непадалёк ад Рыгі, трапіў у аварыю пасажырскі аўтобус «Менсктрансу», паведамляе партал delfi.lv.
ДТЗ адбылося а 7.00 мясцовага часу на 30-м кілямэтры Баўскай шашы ў напрамку Рыгі. У Службе неадкладнай мэдычнай дапамогі паведамілі, што ў аварыі пацярпелі восем чалавек.
Па наяўнай інфармацыі, кіроўца аўтобуса МАЗ ня справіўся з кіраваньнем, таму аўтобус зьехаў у кювет. Фатаздымкі здарэньня апублікаваў у сваім Фэйсбуку адзін з карыстальнікаў.
Дзьве асобы з траўмамі сярэдняй цяжкасьці былі дастаўлены ў бальніцу, шэсьць чалавек адмовіліся ад шпіталізацыі.
Аўтобус беларускай кампаніі «Менсктранс», які накіроўваўся па маршруце Менск-Рыга, павінен быў прыбыць у Рыгу а 8:00 раніцы.