Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНДР і Паўднёвая Карэя дамовіліся аб ядзерным раззбраеньні


Пхэньян і Сэул дамовіліся працаваць над ядзерным раззбраеньнем Карэйскага паўвострава. Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін па выніках сустрэчы зь лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам на мяжы дзвюх краін.

На прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы Мун Чжэ Ін заявіў, што Пхэньян і Сэул дамовіліся працаваць над ядзерным раззбраеньнем Карэйскага паўвострава. Кіраўнік Паўднёвай Карэі таксама адзначыў, што паміж дзьвюма краінамі больш ня будзе вайны і пачынаецца «новая эра міру».

Дэмілітарызаваную зону паміж краінамі абвясьцілі «зонай міру» — з 1 траўня на мяжы спыніцца прапагандысцкае вяшчаньне.

Лідэры Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын і прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ян таксама дамовіліся «скончыць стан часовага перамір’я і прынесьці мір на ўвесь карэйскі паўвостраў».

Мірны дагавор паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй можа быць падпісаны ўжо ў гэтым годзе, паведамляецца ў сумеснай дэклярацыі.

Мун Чжэ Ін таксама паведаміў, што мае намер у хуткім часе наведаць Пхэньян. Па дадзеных інфармацыйнага агенцтва «Рёнхап», паездка можа адбыцца восеньню.

Лідэр Паўночнай Карэі заявіў, што спадзяецца на аб'яднаньне дзьвюх краін у будучыні.

У пятніцу раніцай прайшла першая сустрэча лідэраў Паўднёвай і Паўночнай Карэі ў рамках міжкарэйскага саміту, які павінен стаць папярэднім крокам перад сустрэчай прэзыдэнта ЗША і лідэра Паўночнай Карэі, якую плянуюць правесьці ў канцы траўня.

Кіраўнікі дзьвюх дзяржаў парукаліся і сказалі вітальныя прамовы. Затым яны перасеклі пракладзеную па зямлі бэтонную памежную лінію, пасьля чаго Кім Чэн Ын нечакана папрасіў прэзыдэнта Паўднёвай Карэі перасекчы памежную лінію яшчэ раз, з поўдня на поўнач. Пасьля гэтага лідэры вярнуліся ў паўднёвую частку дэмілітарызаванай зоны і зноў пераступілі праз бэтонную лінію, шырынёй каля паўмэтра.

Лідэры дзьвюх краін пасадзілі сасну і ўмацавалі шыльду са словамі: «Тут пусьцілі карані Мір і Росквіт».

Паўночная і Паўднёвая Карэі вядуць перамовы. З чаго пачыналася пацяпленьне

Кім Чэн Ын стаў першым паўночнакарэйскім лідэрам, які ступіў на на зямлю Рэспублікі Карэя за апошнія 65 год — з моманту перамір’я ў Карэйскай вайне, якое заключылі ў 1953 годзе. Мун Чжэ Ін аддаў належнае свайму госьцю за гэта «мужнае і няпростае рашэньне». Апошні міжкарэйскі саміт адбыўся 11 гадоў таму.

Галоўнымі на парадку цяперашняга саміту зьяўляюцца пытаньні ператварэньня Карэйскага паўвострава ў бязьядзерную зону і падпісаньня мірнага пагадненьня паміж дзьвюма карэйскімі дзяржавамі. Кім Чэн Ын у апошнія дні шмат кажа пра дэнуклеарызацыю сваёй краіны, але што канкрэтна ён мае на ўвазе пад гэтым, ня ясна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG