Гэтая жалобная традыцыя — ушанаваць памяць сяброў і родных, якія сышлі ў нябыт, — нарадзілася ў Віцебску ў супрацьвагу афіцыёзным гарадзкім мерапрыемствам, на якіх тутэйшым ліквідатарам нават не даюць слова.
Сёлета імпрэза ў саборы зноў прайшла без удзелу віцебскіх ліквідатараў — са сьпевамі, вершамі, у прысутнасьці вучняў клясаў МНС і кадэтаў.
«Ты будзеш занадта эмацыйна выступаць, сказалі мне, калі я папрасіўся сказаць пару словаў на мітынгу ў саборы», — са скрухай сказаў адзін зь ліквідатараў Сяргей Іконьнікаў.
Разам зь сябрамі ён так і адстаяў збоку, пакуль гучалі ўрачыстыя прамовы.
Потым ліквідатары спусьціліся на бераг Дзьвіны, падтрымліваючы пад рукі найстарэйшага віцебскага ліквідатара Анатоля Гнеўку, які 30 гадоў таму кіраваў штабам апэратыўнай групы грамадзянскай абароны СССР па ліквідацыі наступстваў аварыі. І пусьцілі па вадзе вянок з чорнай стужкай, на якой залатымі літарамі напісана: «Героям-ліквідатарам ад нас, жывых».