Пераможца конкурсу «Міс Расея 2018» 18-гадовая Юлія Палячыхіна заявіла, што падтрымлівае блякаваньне ў Расеі мэсэнджэра Telegram, а таксама гатова наведаць зоны канфлікту на ўсходзе Ўкраіны і ў Сырыі каб, як яна выказалася, дапамагчы дзецям.
У эфіры радыёстанцыі «Гаворыць Масква» Палячыхіна сказала, што Telegram «хутчэй за ўсё, варта зачыніць, калі там учыняюць нейкія тэрарыстычныя апэрацыі».
У Данбас і Сырыю яна гатовая адправіцца «зь міратворчай місіяй», у прыватнасьці, для дапамогі дзецям. Паводле яе слоў, «гэта практычна аднолькавыя месцы ў тым сэнсе, што там адбываецца вайна». Пры гэтым Палячыхіна сказала, што мяркуе, што яе не павязуць «у тыя кропкі, дзе адбываецца пік вайны».
18-гадовая ўраджэнка Чувашыі выйграла конкурс «Міс Расея» два тыдні таму.
Суд у Маскве раней у красавіку пастанавіў заблякаваць мэсэнджэр Telegram, які адмовіўся перадаць ФСБ ключы шыфраваньня паведамленьняў. Роскомнадзор у спробах абмежаваць доступ да мэсэнджэр заблякаваў каля 20 мільёнаў IP-адрасоў, аднак у большасьці карыстальнікаў Telegram працягвае працаваць.