Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэвалюцыя. Пераклад з армянскай


Рэвалюцыя. Пераклад з армянскай
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:35:00 0:00

Рэвалюцыя. Пераклад з армянскай

Чаму народ мае значэньне ў Армэніі? Ці магчымыя ў Беларусі пратэсты, як у Ерэване? Чаму Лукашэнка заявіў, што канстытуцыйнага рэфэрэндуму ня будзе?

Абмяркоўваюць аглядальніца армянскай службы Свабоды Хэгінэ Буніят’ян, Юрый Дракахруст, Уладзімер Глод і вядучая Ганна Соўсь.

Ганна Соўсь: Кансалідаваныя, неверагодна масавыя і пры гэтым мірныя пратэсты ў Армэніі перамаглі. Сэрж Саргсьян, абраны на мінулым тыдні прэмʼер-міністрам, падаў у адстаўку. Паводле біяграфіі ён сілавік, быў кіраўніком сілаў самаабароны Нагорна-Карабаскай рэспублікі, двойчы быў міністрам абароны, быў міністрам унутраных справаў і нацыянальнай бясьпекі. Яму ня раз даводзілася аддаваць загады страляць. Чаму цяпер ён ня даў загад страляць? Ці выканалі б такі загад у Армэніі?

Хэгінэ Буніятʼян: Пасьля адстаўкі Серж Саргсьян не кантактаваў журналістамі, таму дакладна адказаць на гэтае пытаньне складана. Аднак у сваёй заяве пра сыход ён згадаў, што ёсьць некалькі шляхоў выхаду з сытуацыі, але гэта не яго шляхі, намякаючы на тое, што ён мог бы даць такі загад, але не захацеў кровапраліцьця.

У гісторыі Армэніі ўжо была такая сумная, трагічная падзея гадоў 10 таму. Калі той самы Серж Саргсьян прыйшоў да ўлады, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў падчас пратэстных акцый у цэнтры Ерэвану загінулі 10 чалавек. Дагэтуль ніхто за гэта не адказаў, дагэтуль не зьнікае пытаньне, хто тады даў загад. Тады было двоеўладзьдзе — дзейны прэзыдэнт Робэрт Качаран яшчэ не сышоў, а новаабраны Серж Саргсьян яшчэ не прыйшоў. І цяпер ён быў адзінаасобным лідэрам з усімі паўнамоцтвамі, і каб даў такі загад, ён бы ўвайшоў у гісторыі Армэніі як чалавек, які двойчы адкрыў агонь у свой народ, каб утрымацца ва ўладзе.

Колькасьць людзей на вуліцах была беспрэцэдэнтная, іх станавілася ўсё больш і больш.

З другога боку трэба ўлічыць, што рашэньне аб зыходзе таксама прымаць ня так лёгка. Прынамсі дзень да гэтага, калі ён практычна праваліў перамовы з лідэрам апазыцыі Ніколам Пашаньнянам, Саргсьян даволі самаўпэўнена заяўляў, што партыя, якая набрала ўсяго 7%, ня можа дыктаваць умовы, ня можа гаварыць ад імя народу, і што ён ня пойдзе ні на якія саступкі. Празь дзень, у дзень ягонай адстаўкі яго аднапартыйцы яшчэ зьбіралі подпісы, каб скласьці пазачарговае паседжаньне парлямэнту і пазбавіць Нікола Пашаньяна дэпутацкай недатыкальнасьці. Падзеі разьвіваліся зусім у іншым накірунку, і літаральна за некалькі гадзінаў ён кардынальна зьмяніў сваю пазыцыю і заявіў, што Нікол Пашаньян меў рацыю, і ён павінен сысьці. Што менавіта паўплывала на яго, цяжка сказаць.

Чаму ў Армэніі атрымалася

Але колькасьць людзей на вуліцах была беспрэцэдэнтная, іх станавілася ўсё больш і больш. Было таксама ясна, што сыстэма ўлады, піраміда ўлады таксама не была адзінай. Прынамсі за год да гэтага вялася ценявая барацьба паміж Карэнам Карапэтʼянам і прэзыдэнтам Сержам Саргсьянам, хто ж урэшце стане кіраўніком ураду. Серж Саргсьян тады перамог.

У апошнюю хвіліну, калі яму была патрэбная дапамога, Карэн Карапэтʼян са сваімі ўплывовым сябрамі, алігархамі, якія жывуць у Расеі, не падтрымалі яго. У яго не было і вонкавай падтрымкі. Эўразьвяз, ЗША, якія зьяўляюцца буйнымі донарамі Армэніі, на працягу пратэстных дзён заяўлялі, што ўрад павінен паважаць права людзей на мірны пратэст, вызваліць затрыманых. І нават стратэгічны саюзьнік Армэніі Расея таксама не падтрымала Сержа Саргсьяна.

Ганна Соўсь: У 2010 годзе Аляксандар Лукашэнка хваліўся тым, што міліцыя і АМАП разагнала Плошчу ў Менску за 7 з паловай хвілінаў. А чаму ў Ерэване было інакш? Справа ў Плошчы, у міліцыі ці паліцыі, у лідэры, у народзе?

Уладзімер Глод: Лукашэнка будзе трымацца за сваю ўладу да апошняга. І ён гэтага не хавае. Калісьці, яшчэ на пачатку сваёй прэзыдэнцкай кар’еры сказаў, што будзе адстрэльвацца да апошняга патрона. Пасьля казаў пра сваю размову з Пуціным, калі заявіў, можа быць, яшчэ будзе час, калі давядзецца стаць сьпіною да сьпіны і адстрэльвацца. То бок для яго ў барацьбе за ўладу няма ніякай чырвонай мяжы. Пра Саргсьяна нічога падобнага я не чуў.

Другі чыньнік — масавасьць пратэстаў у Армэніі. Страляніна ўсё ж гэта самае апошняе. І псыхалягічны стан сілавікоў. Калі пратэстоўцаў няшмат, гэта адна сытуацыя, а калі дзесяткі, а тым болей сотні тысяч, зусім іншая. А сілавікі ж жывыя людзі, у іх сем’і...

Пачуцьцё ўласнай годнасьці, закладзенае ў людзях, не дазваляе ім заставацца абыякавымі назіральнікамі.

Трэці фактар. У Армэніі ёсьць адзіны лідэр апазыцыі. У Беларусі — няма. У 2010 годзе кандыдатаў у прэзыдэнты было каля дзесятка. Ды і тых арыштавалі загадзя, калі нават не былі аб’яўлены вынікі выбараў. Да таго ж, паліцэйскіх і іншых сілавікоў, розных спэцслужбаў у Армэніі ўсё ж менш, чым у Беларусі.

І яшчэ адзін чыньнік. У Армэніі ў парлямэнце ёсьць рэальная апазыцыя, тады як у Беларусі толькі дзьве апазыцыйныя дэпутаткі, якім складана ўплываць на прыняцьці рашэньняў. І галоўнае гэта сам народ. Пачуцьцё ўласнай годнасьці, закладзенае ў людзях, не дазваляе ім заставацца абыякавымі назіральнікамі. Там няма той памяркоўнасьці беларускай. Барацьба ў іх у крыві. Нагорны Карабах выхаваў такое адчуваньне сьмеласьці.

Армянскі тупік Аляксандра Лукашэнкі

Ганна Соўсь: Юры, а якая была рэакцыя Расеі, расейскіх СМІ на армянскую рэвалюцыю? Ці такая самая, як на ўкраінскую? Або іншая?

Юры Дракахруст: Расейская рэакцыя была шмат у чым нечаканай. У саюзнай краіне адбываліся сурʼёзныя падзеі, масавыя пратэсты. А расейскае ТБ на працягу дзён асьвятляла іх, як забурэньні ў нейкай Буркіна-Фасо. На фэдэральных расейскіх тэлеканалах тэмы Армэніі фактычна не было наагул. Недзе на маргінэзе сёй-той аналітык піскнуў нешта пра «каляровую рэвалюцыю» і «руку Вашынгтону», але ў інфармацыйным мэйнстрыме гэтага не было.

Урок Армэніі: Народ мае значэньне

Але як толькі сышоў у адстаўку Сэрж Саргсьян, «вочы адкрыліся», пайшлі камэнтары, але па зьмесьце зусім не такія, якія былі наконт украінскага Майдану. Расейскія тэлеканалы пра падзеі сталі паведамляць і камэнтаваць у тым сэнсе, што, маўляў, народ Армэніі сказаў сваё слова...

На мой погляд, ня трэба перабольшваць крамлёўскую нелюбоў да рэзкіх зьменаў улады, да рэвалюцыяў. Яны ня любяць, калі падчас рэвалюцыі адбываецца замах на расейскія інтарэсы. Падчас цяперашніх рэвалюцыйных падзеяў у Армэніі такога замаху не адбывалася, прынамсі, з пункту гледжаньня, паводле ацэнкі Расеі.

Так што не выпадае казаць, што Пуцін — гэта такі дактрынальны легітыміст.

У 2010 годзе ў Кіргізстане адбылася рэвалюцыя. Хіба расейцы надта пераймаліся з той нагоды? Абсалютна не пераймаліся. У Эгіпце ў 2013 годзе адбыўся клясычны ваенны пераварот, войска зрынула законнага прэзыдэнта. Праз пару месяцаў пасьля гэтага Пуцін абдымаўся з лідэрам гэтага перавароту фэльдмаршалам Сісі, цяперашнім прэзыдэнтам Эгіпту.

Так што не выпадае казаць, што Пуцін — гэта такі дактрынальны легітыміст, новы цар Аляксандар І зь яго «Сьвятым саюзам», які падтрымліваў усіх манархаў супраць усіх рэвалюцыяў. Не, Пуцін не такі.

Таму расейскія СМІ так і рэагавалі на армянскую рэвалюцыю. Спачатку проста маўчалі, чакаючы, хто пераможа, а калі рэвалюцыя адбылася, то адрэагавалі: а нас у прынцыпе задавальняе перамога любога боку гэтага канфлікту. Так што геапалітычныя меркаваньні тут пераважалі над страхам перад зрынаньнем улады як такім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG