Старшыня Нацыянальнага сходу Армэніі Ара Баблаян заявіў, што 1 траўня будзе склікана паседжаньне парлямэнту для абраньня прэм’ер-міністра.
«Згодна з ч.3 арт.140 канстытуцыйнага закону аб рэглямэнце Нацыянальнага сходу, заяўляю, што пытаньне абраньня прэм’ер-міністра будзе абмеркавана 1 траўня на спэцыяльным паседжаньні», — гаворыцца ў заяве Баблаяна, апублікаваным прэс-службай парлямэнту.
Прэм’ер-міністар Армэніі Сэрж Саргсьян 23 красавіка падаў у адстаўку пад ціскам масавых вулічных пратэстаў, якія доўжыліся на працягу 10 дзён. На 25 красавіка была заплянавана сустрэча лідэра апазыцыі Нікола Пашыньяна з выканаўцам абавязкаў кіраўніка ўраду Карэнам Карапэт’янам наконт «мірнай перадачы ўлады народу».
Аднак напярэдадні стала вядома, што перамовы не адбудуцца. Тады Пашыньян абвясьціў пра аднаўленьне акцый грамадзянскага непадпарадкаваньня.
Тым часам адбылася сустрэча фракцыі Рэспубліканскай партыі Армэніі, якая зьяўляецца парлямэнцкай большасьцю, з Сэржам Саргсьянам і Карэнам Карапэт’янам. Як гаворыцца ў распаўсюджаным прэс-рэлізе, дасягнутая дамоўленасьць аб тым, што фракцыя гатовая абмяркоўваць любыя пытаньні з усімі бакамі без папярэдніх умоваў.