Аляксандар Лукашэнка даручыў завяршыць будаўніцтва новага моста праз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне да 7 лістапада. Такое даручэньне ён даў 26 красавіка на нарадзе ў Менску пра выкананьне супрацьпажарнай дысцыпліны і забесьпячэньне захоўваньня сельскагаспадарчай тэхнікі.
«Папярэджваю: усе работы павінны быць скончаныя ў гэтым годзе. Ніякіх работ на 2019 год. Прывыклі мы так, па-беларуску: мы мост зробім сёлета да 7 лістапада, а налета ўсё астатняе. Вы ведаеце, як атрымліваецца. Перанесьлі на будучы год — і забыліся. Таму сёлета да 7 лістапада мост ўрачыста адкрываем, а да канца году ўся рэкультывацыя, усё павінна быць прыведзена ў парадак. Колькі трэба туды людзей, столькі і накіроўвайце», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.
Ён таксама даручыў падрыхтаваць яго рабочую паездку ў Жыткавіцкі раён, каб на месцы азнаёміцца з сытуацыяй і ходам вядзеньня работ.
Праблемы зь пераездам цераз раку Прыпяць у Жыткавіцкім раёне ўзьніклі пасьля таго, як мост каля вёскі Чэрнічы 7 сьнежня мінулага году даў трэшчыну. Рух транспарту і пешаходаў па ім быў спынены. Тураўшчына аказалася адрэзаная ракою ад цэнтральнай часткі Беларусі. Найбліжэйшыя масты — у Мазыры і Пінску, ехаць тудой — гэта крук кілямэтраў у 250.
10 сьнежня побач з мостам ўзьвялі пантонную пераправу, але неўзабаве яе зьнёс крыгаход. Людзей перавозілі на катэрах МНС. Аднак пачалася паводка, і рака затапіла пад’езд да пераправы. У пачатку сакавіка паміж Жыткавічамі і Туравам была пабудаваная новая пантонная пераправа, рух па ёй адкрыўся 2 сакавіка. Таксама на рацэ запусьцілі адмысловы 70-мэтровы паром.
Аляксандар Лукашэнка даручыў адрамантаваць аварыйны мост да канца 2018 году. Каб аднавіць яго, мостабудаўнікі зьбіраюцца пракласьці для Прыпяці новае рэчышча. Адказным за аднаўленьне транспартнай сувязі прызначаны віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, сам родам з Тураўшчыны.
Пасьля таго, як мост цераз раку Прыпяць у Жыткавіцкім раёне ў канцы мінулага году даў трэшчыну, Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі правяло праверкі і залічыла ў шэраг «аварыйных канструкцый» масты яшчэ ў чатырох гарадах: цераз Сож у Гомлі, церазь Дзьвіну ў Наваполацку і ў Бабруйску, а таксама цераз Дняпро каля Рэчыцы. А нядаўна ў Магілёве зь пешаходнага моста на Быхаўскай вуліцы ў раку Дубровенку абвалілася палова поручняў. Абышлося без ахвяраў. Падчас нядаўняй праверкі ў Менску высьветлілася, што кожны пяты мост у горадзе мае патрэбу ў капітальным рамонце, некаторыя — у тэрміновым.