Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працоўная група прапанавала два сцэнары вырашэньня крызісу з маршруткамі ў Беларусі


Працоўная група накіравала ў створаную Аляксандрам Лукашэнкам Раду па разьвіцьці прадпрымальніцтва аналітычную запіску, у якой прапануе два варыянты разьвязаньня крызіснай сытуацыі ў сфэры міжгародніх пасажырскіх перавозак.

26 лютага ўступіў у сілу прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», які разам з абноўленым законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» цалкам зьмяняе сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак.

Некаторыя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі прыпынілі працу.

Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксі, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі.

Свабода падсумавала прапановы прыватных (нерэгулярных) перавозчыкаў і рэгулярных.

«Пазыцыю нерэгулярных перавозчыкаў трэба зрабіць асноўнай»

Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, які ўваходзіць у Раду па разьвіцьці прадпрымальніцтва, спачатку гэтыя прапановы разгледзіць Рада, а потым Савет міністраў і адміністрацыя прэзыдэнта.

«Уносіць зьмены ў закон або ў парадак яго рэгуляваньня — гэта рэч няпростая. Гэта зойме прынамсі яшчэ некалькі месяцаў», — сказаў ён.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Асноўнае пытаньне, па якім разыходзяцца нерэгулярныя і рэгулярныя перавозчыкі, тычыцца правядзеньня конкурсаў на маршруты.

«Рэгулярныя выступаюць за тое, каб праз конкурсы замацаваць манаполію на маршрут на 5 гадоў. Нерэгулярныя кажуць, што гэта дрэнна і пашкодзіць канкурэнцыі, і згодна з дэкрэтам № 7 трэба, каб дзейнічаў іншы прынцып», — сказаў Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук лічыць больш слушнай пазыцыю нерэгулярных перавозчыкаў, якія цягам амаль 15 гадоў прапануюць вельмі папулярныя ў насельніцтва паслугі.

«Менавіта ў спажыўцоў іхніх паслугаў ніколі не было прэтэнзіяў. А вось з боку канкурэнтаў былі. Таму з боку буйных прадпрыемстваў я бачу спробу зачысьціць рынак ад канкурэнтаў, каб потым больш зарабляць», — сказаў Яраслаў Раманчук.

Паводле эканаміста, у гэтым пытаньні няма ніякай палітычнай падаплёкі.

«Але ў гэтай барацьбе знойдуцца людзі, якія скажуць Лукашэнку, што „нерэгуляршчыкі“ могуць падняць бузу. Насамрэч гэтага няма, ёсьць канструктыўныя перамовы і жаданьне працаваць згодна з прынцыпамі дэкрэту № 7: стварэньне новых месцаў працы, падтрымка прадпрымальніцтва, добрасумленнасьць прадпрымальніцтва», — сказаў эканаміст.

Паводле Раманчука, рэгулярныя перавозчыкі не прадставілі дакумэнтальных пацьвярджэньняў таго, што прыватнікі нібыта ствараюць аварыйнасьць ці ашукваюць спажыўцоў.

«Пазыцыю нерэгулярных перавозчыкаў трэба зрабіць асноўнай для таго, каб вырашаць гэтае пытаньне далей. Але тут зацікаўлены розныя бакі. Гэта ж будзе прэцэдэнт, калі міністэрства транспарту, якое так жорстка крытыкаваў Лукашэнка, пойдзе назад. Таму барацьба працягваецца».

«У законе захаваная мадэль рэгулярных перавозак старога ўзору»

У аналітычнай запісцы, якую працоўная група падрыхтавала 23 красавіка, аналізуецца сытуацыя ў сфэры пасажырскіх перавозак пасьля прыняцьця зьменаў у закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках». ​Гэты закон уступіў у сілу 23 студзеня 2018 году і цалкам зьмяніў сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак.

Падчас сустрэчы прыватных маршрутчыкаў у Бізнэс-саюзе прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага ў сакавіку 2017
Падчас сустрэчы прыватных маршрутчыкаў у Бізнэс-саюзе прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага ў сакавіку 2017

У склад працоўнай групы ўвайшлі прадстаўнікі прыватных і дзяржаўных перавозчыкаў, бізнэс-саюзаў, Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва, міністэрстваў транспарту і антыманапольнага рэгуляваньня.

Як адзначаецца ў высновах працоўнай групы, праект прынятага закону не абмяркоўваўся з прадстаўнікамі бізнэс-супольнасьці.

«У законе захаваная мадэль рэгулярных перавозак старога ўзору, якая дзесяцігодзьдзямі даказвала сваю нежыцьцяздольнасьць, асабліва ў новых умовах гаспадараньня», — гаворыцца ў дакумэнце.

Новыя нормы закону найперш накіраваныя на больш жорсткае рэгуляваньне нерэгулярных перавозчыкаў, якія цягам 15–20 гадоў сфармавалі свае маршрутныя сеткі.

Закон «рэзка скараціў зону перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах». Цяпер прыватныя перавозчыкі павінны перайсьці ў рэгулярныя.

Таксама закон «не прадставіў ніякіх альтэрнатываў» для працягу працы нерэгулярных перавозчыкаў. Міністэрства транспарту і камунікацый спрабуе «ў „ручным“ рэжыме кіраваць працэсам» і аказалася не гатовым да рэалізацыі закону.

Больш за 30 тысяч транспартных адзінак у прыватнікаў

Паводле высноваў працоўнай групы, пасьля прыняцьця закону праблемы ўзьніклі найперш у сфэры рэгуляваньня ўнутры абласных і міжабласных перавозак.

Да 23 студзеня рынак міжгародніх перавозак складаўся зь дзьвюх сыстэм: рэгулярных і нерэгулярных зносін. У ім было задзейнічана больш за 40 тысяч транспартных адзінак, зь іх 8–10 тысяч — у рэгулярных зносінах.

Рэйсаў паміж Менскам і буйнымі гарадамі Беларусі ў нерэгулярных зносінах у 3–20 разоў больш, чым у рэгулярных.

Прыватнікі, якія спрабуюць перааформіцца на рэгулярныя перавозкі, атрымліваюць каля 50% адмоваў з прычыны ўжо занятага часу альбо нібыта немэтазгоднасьці маршруту.

Прапановы нерэгулярных (прыватных) перавозчыкаў:

  • адмяніць конкурсы для разьмеркаваньня маршрутаў;
  • увесьці паведамляльны прынцып адкрыцьця маршрутаў;
  • устанавіць пераходны пэрыяд (без абмежаваньняў) на 2 гады, пасьля якога вызначыць крытэры ўваходу на рынак для аўтамабіляў і кіроўцаў;
  • устанавіць дыспэтчарскія службы, якія раней працавалі ў нерэгулярных перавозках, для рэгулярных перавозчыкаў;
  • забясьпечыць умовы для стварэньня прыватнага апэратара пасажырскіх перавозак, рынак апэратараў дэманапалізаваць;
  • спрасьціць умовы для адкрыцьця новых тэрміналаў і аўтастанцый, дзяржаўнае рэгуляваньне тарыфаў на паслугі тэрміналаў, стварэньне альтэрнатыўных месцаў для адпраўленьня і прыбыцьця аўтобусаў;
  • зрабіць, каб перавозчык і тэрмінал не маглі дзейнічаць у адной юрыдычнай асобе;
  • перагледзець, магчыма, павялічыць адзіны падатак з «іпэшнікаў»;

Прапановы рэгулярных (дзяржаўных) перавозчыкаў:

  • захаваць конкурсы для разьмеркаваньня маршрутаў;
  • распрацаваць палажэньне аб апэратары аўтамабільных перавозак пасажыраў, разьмежаваць тэрытарыяльна сфэру дзейнасьці і мэтады фінансаваньня;
  • перадаць тэрміналы ад перавозчыка апэратарам пасажырскіх перавозак;
  • распрацаваць прававыя акты, якія рэгулююць дзейнасьць для заказчыка, апэратара тэрміналаў, апэратара пасажырскіх перавозак і перавозчыка;
  • у пераходны пэрыяд (6–12 месяцаў) дазволіць уступленьне на рынак бяз конкурсаў;
  • дазволіць заключаць дамовы бяз пашпарта маршруту з указанымі гранічнымі тэрмінамі яго падрыхтоўкі;
  • перагледзець крытэры для правядзеньня конкурсу (сярод іншага павінны дапускацца машыны і старэйшыя за 10 гадоў, але якія будуць адпавядаць нормам тэхнічнай бясьпекі і санітарным нормам);
  • рэгуляваць інтэрнэт-рэсурсы па «пошуку спадарожнікаў», каб не дапусьціць вяртаньня да нерэгулярнага рынку перавозак;
  • узаконіць перадачу выкананьня дамовы на арганізацыю рэгулярных перавозак трэцім асобам пры захаваньні адказнасьці за іх дзеяньні;
  • улічваць найперш эканамічныя інтарэсы перавозчыкаў, якія выканалі ўсе патрабаваньні закону і атрымалі права на арганізацыю «рэгулярных» перавозак па выніках конкурсу;
  • унесьці ў адміністрацыйны кодэкс пакараньне для «нядобрасумленных перавозчыкаў», калі пад выглядам нерэгулярнай перавозкі яны робяць рэгулярную;
  • правядзеньне дзяржаўнымі структурамі няплянавых праверак для прадухіленьня рэгулярных перавозак пад выглядам нерэгулярных.

У Адміністрацыю прэзыдэнта занесьлі 81 тысячу подпісаў

У Менску ў бізнэс-саюзе прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага 29 сакавіка адбыўся сход уладальнікаў прыватных міжгародніх маршрутак «нерэгулярных зносін». Яны вылучылі сваіх прадстаўнікоў у працоўную групу, якая павінна да 23 красавіка прадставіць ва ўрад прапановы наконт вырашэньня пытаньняў «нерэгулярных» перавозак.

Архіўнае фота. Падчас сходу нерэгулярных маршрутчыкаў у Менску
Архіўнае фота. Падчас сходу нерэгулярных маршрутчыкаў у Менску

Яны таксама аднесьлі ў Адміністрацыю прэзыдэнта 81 тысячу подпісаў, каб ім пакінулі ранейшыя ўмовы працы.

Мінтранс: «Рынак ажывае»

15 сакавіка начальнік упраўленьня аўтамабільнага і гарадзкога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей Дубіна сказаў, што міжгароднія маршрутныя таксі ў Беларусі аднаўляюць сваю працу.

«Рынак ажывае, цяпер заключана 25 дамоваў зь перавозчыкамі, якія раней працавалі як „нерэгуляршчыкі“. Згодна з гэтымі дамовамі 135 машын змогуць працаваць на маршрутах: хтосьці зь іх ужо ажыцьцяўляе перавозкі, хтосьці пачне бліжэйшым часам», — сказаў Сяргей Дубіна.

«Улады пайшлі на некаторыя саступкі». Чаму аднаўляюць працу міжгароднія маршруткі

Аўтары пэтыцый: Мінтранс манапалізуе пасажырскія перавозкі

Амаль 16 тысяч чалавек падпісаліся на сайце petitions.by пад зваротам за ўнясеньне паправак у абноўлены закон «Аб аўтамабільных перавозках», які ўступіў у сілу 23 лютага. Аўтары звароту заяўляюць, што Міністэрства транспарту і камунікацый сваімі ініцыятывамі імкнецца манапалізаваць пасажырскія перавозкі, пазбавіўшы працы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць па «нерэгулярных напрамках». Маршрутчыкі лічаць, што дзеяньні міністэрства прывядуць да каляпсу пасажырскіх перавозак.

Аналягічную пэтыцыю на сайце change.org падпісалі больш за 11 600 наведнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG