Ён прадстаўляў у судах многіх крытыкаў расейскага ўраду — ад гурту Pussy Riot да змагара за правы крымскіх татараў Мустафы Джамілева.
Вядомы расейскі юрыст Марк Фейгін, які абараняў у судах многіх крытыкаў расейскага ўраду — ад гурту Pussy Riot да змагара за правы крымскіх татараў Мустафы Джамілева — пазбаўлены адвакацкага статусу.
Пра гэта паведаміў агенцтву ТАСС сам юрыст. «Мяне пазбавілі статусу адваката за тры твіты ў сеціве», — сказаў ён.
Як заявіла журналістам адвакатка Сталіна Гурэвіч, скарга якой стала падставай для разгляду гэтага пытаньня, Савет адвакацкай палаты Масквы прыняў рашэньне аб пазбаўленьні Марка Фейгіна статусу адваката ў аўторак.
Паводле Гурэвіч, падставай для пазбаўленьня Фейгіна адвакацкага статусу паслужылі прапазыцыя Міністэрства юстыцыі Расеі і яе заява ў сувязі зь непрыстойнымі выказваньнямі адваката ў яе адрас і ў адрас журналіста і блогера Анатоля Шарыя.
Як указала Гурэвіч, Фейгін паводзіў сябе «непрыстойным для адваката чынам, выкарыстоўваючы ў інтэрнэце непрыстойную лаянку, дыскрэдытуючы тым самым адвакацкую супольнасьць».
У сьпісе кліентаў Марка Фейгіна значыліся многія крытыкі расейскага ўраду і асабіста прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Акрамя удзельніц Pussy Riot і Мустафы Джамілева, ён абараняў у судзе Надзею Саўчанку, якая ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны, у ліпені 2014 году трапіла ў палон да сэпаратыстаў і была вывезеная ў Расею; арганізатара масавых антыўрадавых пратэстаў на Манежнай плошчы Леаніда Развазжаева, казахскага палітыка і прадпрымальніка Мухтара Аблязава і былога кіраўніка Бахчысарайскай раённай адміністрацыі Крыму Ільмі Умерава.
Цяпер ён зьяўляецца адвакатам грамадзяніна Ўкраіны Рамана Сушчанкі, які абвінавачваецца ў шпіянажы супраць Расеі.