Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вітамін К уплывае на здароўе


Сёньня пра вітамін, якому пакуль надаецца няшмат увагі. Але апошнім часам навукоўцы цікавяцца ім усё больш і пастаянна адкрываюць яго новыя функцыі.

Вітамін К, ён жа філахінон або мэнахінон, перш за ўсё неабходны для правільнага згортваньня крыві. Акрамя таго, ён адыгрывае важную ролю ў фармаваньні касьцей.

Апошнім часам зьявіліся цікавыя навуковыя дасьледаваньні, якія дэманструюць важнасьць гэтага вітаміну для здароўя сэрца.

Вітамін К — тлушчараспушчальны

Вядомыя дзьве формы вітаміну К — К1 і К2.

K1 або філахінон натуральным чынам знаходзіцца ў прадуктах харчаваньня, прынамсі, у зялёнай садавіне.

Бактэрыі тоўстай кішцы вырабляюць пэўную колькасьць мэнахінону, або вітаміну K2. Маленькая колькасьць вітаміну К2 прысутнічае ў яйках і малочных прадуктах.

Прыкладна 90% вітаміну К мы атрымліваем зь ежы, каля 10% вытвараюць нашы кішэчныя бактэрыі.

Вітамін К жыцьцёва важны для немаўлят

У Нідэрляндах, дзе я жыву, усе немаўляты атрымліваюць адразу пасьля нараджэньня вітамін K. Дзецям, якія атрымліваюць грудное харчаваньне, даюць першыя 12 тыдняў 150 мікраграмаў вітаміну K у кроплях.

У формулах, як правіла, дастаткова вітаміну К. Але лічыцца, што калі вы корміце ваша дзіця формулай, але яе колькасьць менш за 500 мл на дзень, дык мэтазгодна даваць дадатковы вітамін К.

Чаму менавіта немаўлятам неабходны гэты вітамін?

Нованароджаныя маюць дэфіцыт вітаміну К, бо яны не атрымліваюць яго падчас цяжарнасьці. Гэта адбываецца таму, што вітамін К не праходзіць праз плацэнту да плода.

Да таго ж, нованароджанае дзіця мае стэрыльны кішэчнік, у ім няма яшчэ кішачных бактэрый, каб вырабіць вітамін К. Таму лічыцца, што немаўляты маюць патэнцыял для сур’ёзнага крывацёку. Яны заўсёды атрымліваюць кроплі вітаміну К адразу пасьля нараджэньня.

Колькі вітаміну трэба дарослым?

Вітамін К і яго ўплыў на здароўе на сёньняшні дзень менш вывучаны, чым іншыя вітаміны. Таму пакуль далёка не ва ўсіх краінах існуюць нормы яго штодзённага спажываньня.

Прымальная рэкамэндацыя — ад 90 да 120 мкг у дзень.

Уплыў вітаміну К на здароўе

Вітамін К неабходны для згортваньня крыві. Калі вы параніліся і ўзьнік крывацёк, дык натуральна, што кроў трэба спыніць. Гэта магчыма толькі калі яна згортваецца. Калі б кроў ня згортвалася, дык яна магла б цалкам выцекчы з адной маленькай ранкі!

Таксама дакладна вядома, што вітамін К неабходны для аптымальнага здароўя костак. Больш дакладна, вітамін К неабходны для фармаваньня остэакальцыну, рэчыва, што прыцягвае кальцый да косткавага матрыксу.

Зь нядаўняга часу вядуцца дасьледаваньні для вывучэньня эфэкту вітаміну К на функцыю сэрца. Навукоўцы знайшлі доказы, што гэты вітамін можа адыгрываць ролю ў прафіляктыцы і лячэньні артэрыяльнай кальцыфікаціі ды ішэмічнай хваробы сэрца.

Вітамін К паляпшае рэзыстэнтнасьць да інсуліну.

Занадта мала вітаміну K

Антыбіётыкі могуць зьнішчыць кішэчныя бактэрыі, якія прымаюць удзел у вытворчасьці вітаміну К. Таму асобы, якія бяруць антыбіётыкі доўгатэрмінова, могуць атрымаць дэфіцыт вітаміну К. Гэта можа прывесьці да запаволенага згортваньня крыві.

Навукоўцы сьцьвярджаюць, што назіраецца сувязь паміж сыстэматычным дэфіцытам вітаміну К і павышанай сьмяротнасьцю ад сардэчна-судзінных захворваньняў.

Занадта шмат вітаміну K

Да гэтага часу дакладна невядома, чым небясьпечнае занадта высокае спажываньне вітаміну К здаровымі асобамі. А вось людзі, якія прымаюць прэпараты для разрэджваньня крыві (ці антыкаагулянты), павінны быць асьцярожныя і не прымаць дабаўкі з вітамінам К. Гэта можа паменшыць эфэкт антыкаагулянтаў.

Крыніцы вiтамiну К

Вiтамiн К утрымлiваецца пераважна ў прадуктах зялёнага колеру: зяленіва, капуста, ядомае лісьце. Усяго 10 грамаў сьвежай пятрушкi забясьпечаць вам падвойную сутачную вітамінную норму. Iншая выдатная крынiца вiтамiну К — капуста любых гатункаў: брокалi, брусэльская, пэкiнская.

Шмат вітаміну К — у авакада

У адным авакада — 45 мкг гэтага вітаміну, альбо прыкладна палова дзённай нормы. Шмат вітаміну К таксама знойдзем у рукале, шпінаце. У невялікіх колькасьцях знойдзем вітамін К у яйках, малочных прадуктах, крупах.

Пры тэмпэратурнай апрацоўцы прадуктаў харчаваньня колькасьць вітаміну К памяншаецца нязначна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG