Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армянскі экспэрт: Сцэнар пераходу Армэніі да аўтарытарызму як ніколі вялікі


Пратэсты апазыцыі ў Ерэване
Пратэсты апазыцыі ў Ерэване

«Калі ўлады задушаць народ сілай, гэта можа прывесьці да нэгатыўных наступстваў у доўгатэрміновай пэрспэктыве», — перакананы армянскі экспэрт у галіне міжнародных дачыненьняў Арэг Галст'ян.

Па-першае, на думку аналітыка, Армэнія можа пазбавіцца падтрымкі Захаду, што азначае пошук іншых вонкавых цэнтраў забесьпячэньня легітымнасьці і фінансавай падтрымкі. Адзін з такіх цэнтраў ужо ёсьць — Масква, якая ўжо знаходзіцца ў канфрантацыі з Захадам. Другім можа стаць Кітай.

«Па меры разьвіцьця глябальных палітычных працэсаў фармуюцца ўмоўныя клюбы „аўтакратаў“ і „дэмакратаў“, барацьба якіх, на мой погляд, будзе адыгрываць значную ролю ў вызначэньні будучай канструкцыі міжнародных дачыненьняў. Мне б не хацелася, каб Армэнія апынулася на няправільным баку гісторыі», — адзначыў Арэг Галст'ян.

Сутычкі з паліцыяй у Ерэване
Сутычкі з паліцыяй у Ерэване

Па-другое, працягвае экспэрт, кроў уласнага народу прывядзе да поўнай дэсувэрэнізацыі краіны.

«Калі ўлады адважацца на падобны крок, гэта стане агульнанацыянальным пунктам невяртаньня, — перакананы ён. — У далейшым давядзецца закручваць гайкі, зьнішчаць парасткі грамадзянскай супольнасьці, павялічваць колькасьць сілавых структур, глушыць свабоду слова і весьці нацыю да прорвы. Сёньня ідзе ня толькі сутыкненьне народу з уладай, але і барацьба мінулага з будучыняй. Нацыянальны лідэр, які валодае маральнымі якасьцямі, зразумее, што перамога будучыні безальтэрнатыўная і мінуўшчына павінна адысьці ў падручнікі гісторыі».

Пратэсты ў Армэніі. Дзень 11-ы. Абнаўляецца

Паводле Арэга Галст'яна, цяпер якраз той момант, калі палітыкі павінны скінуць зь сябе шкуры чыноўнікаў і стаць армянамі. Ён перакананы, што армянін ня можа быць часткай працэсу, накіраванага на зьнішчэньне армянскай дзяржаўнасьці, дзеля станаўленьня якой паклалі галовы найлепшыя сыны народу.

«Станьце часткай будучыні, і народ вам даруе. Або захоўвайце мінулае і рыхтуйцеся да вечнага праклёну. Як у аналітыка ў мяне маецца рацыянальны падыход да таго, што адбываецца, але цяпер я толькі армянін, і я за будучыню!», — падсумаваў Арэг Галст'ян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG