Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутаты заклікалі калегаў не наведваць ЧС-2018 у Расеі


Заля пасяджэньняў Эўрапейскага парлямэнту ў Брусэлі
Заля пасяджэньняў Эўрапейскага парлямэнту ў Брусэлі

Урады Ісьляндыі і Вялікабрытаніі абвясьцілі, што іх прадстаўнікі не паедуць на чэмпіянат сьвету ў футболе 2018 году ў Расеі. Такое рашэньне прынята ў адказ на атручэньне былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі. У суботу, 21 красавіка, 60 эўрадэпутатаў апублікавалі адкрыты ліст з заклікам да ўрадаў усіх краін ЭЗ не наведваць чэмпіянат.

Замах у Солсбэры дэпутаты называюць «найноўшым разьдзелам» пагардлівага стаўленьня Пуціна да эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Аўтары ліста асуджаюць «бамбаваньні школ, шпіталёў і жылых кварталаў у Сырыі, ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, сыстэматычныя хакерскія атакі, кампаніі дэзінфармацыі, умяшаньне ў выбары, спробы аслабіць і дэстабілізаваць ЭЗ».

«Нашы ўрады павінны не падтрымліваць аўтарытарны і антызаходні курс прэзыдэнта Расеі, а замест гэтага байкатаваць чэмпіянат сьвету ў футболе 2018 году ў Расеі і выступаць у падтрымку абароны правоў чалавека, дэмакратычных каштоўнасьцяў і міру», — рэзюмуюць эўрадэпутаты.

Ініцыявала гэты заклік прадстаўніца фракцыі «зялёных» ад Нямеччыны Рэбэка Гармс, якая ўваходзіць у дэлегацыю Эўрапарлямэнту ў пытаньнях супрацоўніцтва з Расеяй. Ліст падпісалі 60 дэпутатаў з 16 краін ЭЗ, якія прадстаўляюць пяць розных фракцыяў. Усяго ў Эўрапарлямэнце 751 дэпутат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG