Бэтонная стэла з надпісам «Шчасьлівай дарогі» і гербам Горадні на выезьдзе з гораду ў бок Індуры, відаць, ня вытрымала парываў моцнага ветру.
Канструкцыя даўжынёй каля шасьці мэтраў упала на абочыну. Калі б яе паваліла ў іншы бок, яна магла б перагарадзіць праезную частку каля Паўднёвага рынку.
Частка канструкцыі разламалася на кавалкі ад удару. Але выява аленя сьвятога Губэрта — гарадзкога гербу — засталася амаль непашкоджанай.
З-за моцнага ветру ў Беларусі абвешчаны аранжавы ўзровень небясьпекі. Моцны парывісты вецер дасягаў 15-20 м/с у розных рэгіёнах краіны, пачынаючы з 18 красавіка. Гідрамэтцэнтр паведамляе, што 22 красавіка берагчыся ветру трэба жыхарам Віцебскай, Магілёўскай і паўночна-ўсходняй часткі Менскай вобласьці.
Днямі, паводле інфармацыі БелТА, вецер паваліў таполю ў парку Горкага ў Менску.