Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Кішынёве: «У вас дэмакратыя, а не дыктатура, як у нас»


Архіўнае фота. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ігара Дадона ў Менску 13 ліпеня 2017 году.
Архіўнае фота. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ігара Дадона ў Менску 13 ліпеня 2017 году.

18 красавіка кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыбыў зь візытам у Кішынёў. Адбыліся яго перамовы з прэзыдэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.

Падчас 20-хвіліннага брыфінгу для прэсы абодвух кіраўнікоў было паведамлена, што ў чацьвер прэзыдэнты паедуць сеяць поле. Далей, паводле «Комсомольской правды в Молдове», адбыўся такі дыялёг:

— У Малдове яшчэ ніхто ня сеяў поле з прэзыдэнтам Беларусі! — сказаў Додон. — Прэсу будзем запрашаць?

— Гэта яны самі вырашаць. У вас жа дэмакратычная дзяржава, не дыктатура, як у Беларусі! А кукурузу аддасьце нам! Нам патрэбнае насеньне! — адказаў Лукашэнка.

— Я б хацеў, каб у нас была такая дыктатура, як у вас: у сельскай гаспадарцы, эканоміцы, сацыяльнай сфэры, — адказаў Ігар Додон і дадаў, што большасьць малдаўскіх грамадзян дзесьці зайздросьцяць беларусам, таму што яны ў многіх напрамках жывуць лепш.

Ігар Дадон сёньня на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам не скупіўся на камплімэнты кіраўніку Беларусі.

Паводле агенцтва БелаПАН, Дадон заявіў, што грамадзяне Малдовы заўсёды праяўлялі вялікую цікавасьць да беларускага эканамічнаму «цуду», захапляліся добраўпарадкаваньнем і чысьцінёй беларускіх гарадоў, узорным парадкам у грамадзкім жыцьці, цьвёрдымі сацыяльнымі гарантыямі для працаўнікоў гэтай краіны.

На думку Ігар Дадона, «Беларусь цьвёрда і пасьлядоўна адстойвае свае нацыянальныя інтарэсы, будучы стратэгічным партнэрам Расейскай Фэдэрацыі і захоўваючы пры гэтым досыць роўныя, дзелавыя адносіны з краінамі Захаду і, у першую чаргу, з краінамі Эўрапейскага Зьвязу».

Паводле прэзыдэнцкай прэсавай службы Малдовы, якая цытуе Ігара Дадона, Беларусь уваходзіць у першую дзясятку гандлёвых партнэраў Рэспублікі Малдова, а па імпарце малдаўскага віна займае першае месца. Падпісана больш за 90 гандлёва-эканамічных пагадненьняў, яшчэ адзінаццаць дакумэнтаў рыхтуюцца да падпісаньня. У Малдове дзейнічаюць больш за 90 прадпрыемстваў зь беларускім капіталам.

Бакі абмеркавалі «шэраг маштабных і ўзаемавыгадных праектаў», уключаючы стварэньне сумеснага прадпрыемства па захоўваньні і збыце нафтапрадуктаў беларускай вытворчасьці, а таксама прадпрыемствы па разьліве і бутэляваньні малдаўскага пеністага віна і каньячнай прадукцыі.

Дадон заявіў пра магчымасьць задзейнічаць зоны свабоднага прадпрымальніцтва для прасоўваньня малдаўскіх і беларускіх тавараў на рынкі трэціх краін. Паводле яго слоў, стварэньне зоны свабоднага гандлю Малдова — ЭЗ адкрывае новыя магчымасьці для паглыбленьня гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Малдовай і Беларусьсю, у прыватнасці для вытворчай каапэрацыі з удзелам беларускіх інвэстараў і наступным бяспошлінным экспартам у краіны Эўразьвязу.

«Асаблівая ўвага» на перамовах надавалася «транспартным пытаньням». «Якасьць беларускіх дарог шырока вядомая і за межамі краіны, таму я адзначыў цікавасьць Малдовы да ўдзелу беларускіх кампаній у тэндэрах на рэканструкцыю, рамонт і аднаўленьне аўтамабільных дарог у нашай краіне», — паведаміў Дадон.

Малдаўскі бок пацьвердзіў цікавасьць да адкрыцьця прамых авіязносін паміж Кішынёвам і Менскам і да закупкі Малдаўскай чыгункай вагонаў у беларускіх вытворцаў. Малдова зацікаўленая ў адкрыцьці зборачных цэхаў для вытворчасьці аўтобусаў і тралейбусаў, а таксама выступае за далейшае паглыбленьне супрацоўніцтва ў галіне транспарту і больш хуткае падпісаньне пагадненьня аб лібэралізацыі аўтатранспартных перавозак.

Аляксандар Лукашэнка будзе знаходзіцца ў Малдове 18–19 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG