Беларускія ракетныя сыстэмы могуць зьявіцца ў Азэрбайджане ўжо у 2018 годзе, паведамляе выданьне «Коммерсант» са спасылкай на крыніцу блізкую да Міністэрства абароны Беларусі.
Як стала вядома «Коммерсанту», у 2018 годзе Беларусь плянуе прыступіць да выкананьня першага экспартнага кантракту на пастаўку дзесяці рэактыўных сыстэм залпавага агню (РСЗА) «Палянэз». Верагодным заказчыкам сыстэмы называецца Азэрбайджан: міністар абароны гэтай краіны ўжо наведваў Беларусь, дзе знаёміўся з тэхналёгіяй вытворчасьці РСЗА.
Крыніцы «Коммерсанта» кажуць, што такі кантракт будзе нэгатыўна ўспрыняты ў Армэніі, але разьмешчаныя там апэратыўна-тактычныя сыстэмы «Іскандэр» маюць паслужыць фактарам стрымліваньня ў армяна-азэрбайджанскіх дачыненьнях.
Пра тое, што першая экспартная пастаўка «Палянэзу» можа адбыцца ўжо ў 2018 годзе, «Коммерсанту» распавяла крыніца, блізкая да Міністэрства абароны Беларусі. Паводле яе, першы цьвёрды кантракт прадугледжвае перадачу дзесяці камплектаў РСЗА (туды ўваходзяць ракеты, транспартна-зарадныямашыны, пункт кіраваньня, радыёлякацыйныя станцыі і т. д.).
Юрыдычныя дакумэнты знаходзяцца на фінальнай стадыі, а кліент «заканчвае вырашаць свае фінансавыя пытаньні», падкрэсьліў суразмоўца «Коммерсанта», дадаўшы, што гаворкі «пра крэдыт з боку Менску не ідзе».
Раскрываць імя замоўцы крыніца «Коммерсанта» адмовілася, аднак два топ-мэнэджэры прадпрыемстваў расейскай абароннай прамысловасьці кажуць, што гаворка ідзе пра Азэрбайджан. У МЗС краіны не сталі камэнтаваць «Коммерсанту» гэтую інфармацыю.
«Палянэзы» — адказ на «Іскандэры»
Праект «Палянэз» пачаў рэалізоўвацца на фоне рознагалосьсяў Масквы і Менску наконт пастаўкі Беларусі апэратыўна-тактычных ракетных комплексаў (АТРК) «Іскандэр», якія доўжыліся з 2012 году. Гэтая зброя была патрэбная прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку ў якасьці меры ў адказ на «актывізацыю некаторых сіл». Але Расея была згодная перадысьлякаваць АТРК у Беларусь толькі разам з баявымі разьлікамі Ўзброеных сілаў РФ.
Не атрымаўшы жаданага, Лукашэнка даручыў стварыць сваю сыстэму, якая б не саступала паводле сваіх магчымасьцяў «Іскандэру». Зрабіць гэта з нуля і хутка было складана, таму вырашылі закупіць і пасьля лякалізаваць на менскім заводзе дакладнай электрамэханікі кітайскія ракеты тыпу А-200 (вытворчасьці China Academy of Launch Vehicle Technology), усталяваўшы іх на свае шасі МЗКЦ-7970.
У Мінабароны Беларусі заяўляюць, што патрэба ў дадзеных комплексах унутры краіны аб’ектыўна невялікая — лічыцца, што «Палянэз» будзе ў большай ступені карыстацца попытам за мяжой. У 2017 годзе міністар абароны Азэрбайджану Закір Гасанаў наведаў з афіцыйным візытам Менск. На фатаздымках, распаўсюджаных СМІ, ён быў заўважаны побач з «Палянэзам».
У Ерэване лічаць, што АДКБ бясьпецы Армэніі не дапаможа
Радыё Свабода пацікавілася рэакцыяй афіцыйнага Ерэвану на апублікаваную «Коммерсантом» інфармацыю.
У адказ на пытаньне Армянскай рэдакцыі нашага радыё, прэсавы сакратар МЗС Армэніі Тыгран Балаян заявіў: «Наша пазыцыя датычна любых краінаў, што прадаюць зброю Азэрбайджану, застаецца нязьменная, яна добра вядомая і мы неаднаразова выказвалі яе на самым высокім узроўні. Што да канкрэтнай інфармацыі, згаданай вамі, яна паходзіць ад ананімнай крыніцы, таму МЗС ня лічыць патрэбным афіцыйна яе камэнтаваць».
Прэсавы сакратар прэзыдэнта непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі Давід Бабаян лічыць, што калі інфармацыя аб продажы пацьвердзіцца, Армэніі варта было б узьняць гэтае пытаньне ў АДКБ: «Гэта падобна на працяг справы Лапшына... Як можна прадаваць такую зброю такой краіне? Азэрбайджан купляе гэтую зброю не для абароны, а для нападу, забойстваў і разьні. Гэта радыкальна ня зьменіць сытуацыю, аднак гэта, вядома ж, павысіць напружаньне».
Паводле кіраўніка Армянскага інстытуту міжнародных дасьледаваньняў і пытаньняў бясьпекі Сьцёпы Сафар’яна, сёньняшняя публікацыя ў «Коммерсанте» — яшчэ адзін доказ таго, што АДКБ фармальная структура і ня мае дачыненьня да бясьпекі Армэніі.
Цень Лапшына
Дачыненьні паміж Армэніяй і Беларусьсю ўскладніліся пасьля экстрадыцыі ў лютым 2017 году зь Беларусі ў Азэрбайджан расейска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына. Лапшын, паводле азэрбайджанскіх уладаў, незаконна ўехаў на тэрыторыю Нагорнага Карабаху. Гэты крок Менску выклікаў рэзкую крытыку ў Ерэване.
Найбольш востра выступіў тады апазыцыйны блёк «Выхад», узначальваны лідэрам цяперашніх пратэстаў у Ерэване Ніколам Пашыньянам. Блёк рашуча асудзіў дзеяньні беларускіх уладаў, назваўшы іх «абразай на адрас армянскага народу». Блёк «Выхад» запатрабаваў ад армянскіх уладаў адклікаць пасла Армэніі ў Беларусі і замарозіць дыпляматычныя дачыненьні зь Менскам.