«Беларускія ўікэнды» распачынаюць новы сэзон. Гледачоў чакае прыгодніцкая камэдыя «Таемнае жыцьцё Ўолтэра Міці» з удзелам Бэна Стылера, Шона Пэна і Крыстэн Ўіг. Паказы пройдуць 27–29 красавіка ў менскім кінатэатры «Масква» і 29 красавіка — 1 траўня ў кінатэатры velcom cinema.
Беларускі пераклад і агучваньне робіць кампанія «Кінаконг» пры падтрымцы velcom. Гэтым разам да праекту далучыліся вядомыя прадстаўнікі шоў-бізнэсу — тэлевядоўца Яўген Перлін, музыка Аляксандар Памідораў, Паўліна Цімохіна, лідэр гурту NAVI Арцём Лук’яненка.
Менавіта іх галасамі будзе агучана гісторыя офіснага службоўца Ўолтэра Міці (Бэн Стылер). Дні галоўнага героя падобныя адзін да аднаго, хоць ён марыць пра подзьвігі. Аднойчы да яго трапляе фатастужка ад старога сябра — фотарэпартэра Шона (Шон Пэн). Звыклая хада рэчаў для Ўолтэра рэзка зьмяняецца.
У межах «Беларускіх уікендаў» прайшлі паказы такіх фільмаў, як «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», «Маленькі прынц», «Форэст Гамп», «Жонка наглядчыка заапарка», «Кніга Ілая», «Таямніца Келз» ды іншых.
Квіткі на паказы можна набыць анлайн і ў касах кінатэатраў.