Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як блякаваньне Telegram ў Расеі паўплывае на Беларусь


13 красавіка Таганскі раённы суд Масквы пастанавіў абмежаваць на тэрыторыі Расеі доступ да сэрвісу Telegram. Суд таксама задаволіў хадайніцтва Раскамнагляду аб неадкладным блякаваньні мэсэнджара. Ці паўплывае гэтае рашэньне на беларускіх карыстальнікаў мэсэнджару, разважае праваабаронца, сузаснавальнік Human Constanta Аляксей Казьлюк.

На думку Казьлюка, гэтае пытаньне можна раскласьці на два аспэкты: тэхнічны і прававы.

Аляксей Казьлюк
Аляксей Казьлюк

«Сапраўды, маршрутызацыя трафіку пабудаваная так, што да заблякаваных у Расеі рэсурсаў пры пэўных умовах частка беларускіх карыстальнікаў таксама ня будзе мець доступу. Але гэтая праблема вырашаецца на тэхнічным узроўні праз дамоўленасьці паміж правайдэрамі аб абмене трафікам і наўрад ці будзе заўважная для значнай колькасьці карыстальнікаў», — сказаў Свабодзе экспэрт.

7 прычынаў, чаму немагчыма цалкам заблякаваць непажаданыя сайты

Закранаючы прававы і палітычны аспэкты, Казьлюк зьвяртае ўвагу, што у нашым рэгіёне адыёзныя ініцыятывы адной краіны часта капіююцца іншымі.

Расея абрала вельмі спрэчны шлях, і мы павінны адсочваць, каб беларускія ўлады не спакусіліся ім

«Напрыклад, тая ж рэгістрацыя карыстальнікаў форумаў, якая прадугледжаная праектам новага беларускага закона аб СМІ, ужо ёсьць у заканадаўстве Казахстану. Расея цяпер рухаецца ў бок большага дзяржаўнага кантролю за гэтак званым нацыянальным сэгмэнтам інтэрнэту з шырокім ужываньнем блякаваньня сайтаў, масавым сачэньнем за карыстальнікамі і адмаўленьнем права на ананімнасьць. Гэта вельмі спрэчны шлях і мы павінны адсочваць, каб беларускія ўлады не спакусіліся ім», — сказаў сузаснавальнік арганізацыі Human Constanta.


Чаму заблякавалі Telegram

Блякаваньне Telegram у Расеі зьвязанае з адмовай мэсэнджара перадаць ФСБ ключы шыфраваньня ад перапіскі карыстальнікаў. У Telegram заяўлялі, што зрабіць гэта тэхнічна немагчыма. За парушэньне такім чынам «пакета Яравой» мэсэнджар раней аштрафавалі на 800 тысяч рублёў. Згодна з рашэньнем суда, доступ да мэсэнджара павінен быць абмежаваны «да выкананьня абавязкаў па перадачы ключоў шыфраваньня ФСБ».

Прадстаўнікоў Telegram на паседжаньні 13 красавіка не было, паколькі стваральнік мэсэнджара Павел Дураў напярэдадні забараніў юрыстам удзельнічаць у «адкрытым фарсе». У абароны ёсьць месяц на абскарджваньне рашэньня суду. Ці будзе кампанія падаваць апэляцыю, пакуль невядома.

Павел Дураў
Павел Дураў

Цяпер Раскамнагляд павінен накіраваць рашэньне суда апэратарам сувязі з указаньнем аб неабходнасьці прыняцьця мераў па абмежаваньні доступу да сэрвісу. У рэестар заблякаваных старонак могуць быць унесеныя дамэнныя імёны telegram.org, web.telegram.org, t.me і IP-адрасы сэрвэраў Telegram. Пасьля гэтага правайдэры павінны будуць абмежаваць доступ да рэсурсаў мэсэнджара на працягу сутак з моманту абнаўленьня рэестру.


На Telegram-канал Беларускай службы Радыё Свабода можна падпісацца тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG