Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: У Беларусі пабудавана 40 хакейных арэн, а выніку няма


Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па пытаньнях разьвіцьця зімовых відаў спорту зноў раскрытыкаваў беларускіх спартоўцаў, паведамляе БЕЛТА.

Паводле Лукашэнкі, нягледзячы на фінансавую падтрымку спорту, вынікі выступаў беларускіх спартоўцаў ня радуюць.

Пра хакей

Лукашэнка назваў ганьбай тое, што, «нягледзячы на беспрэцэдэнтныя ўмовы», створаныя для падрыхтоўкі беларускіх хакеістаў, яны наагул ня трапілі на Алімпіяду — правалілі другую запар кваліфікацыю.

Лукашэнка заявіў, што ў краіне пабудавана амаль 40 хакейных арэн. У параўнаньні з 2002 годам колькасьць тых, хто займаецца, павялічылася больш чым у два разы, штатных трэнэраў — амаль у тры разы.

«А выніку няма. Дакладней, ён ёсьць, але лепш бы яго не было. І рэальных пэрспэктыў пакуль не відаць», — сказаў Лукашэнка.

Лядовыя арэны і каткі, пабудаваныя ў многіх гарадах, паводле Лукашэнкі, не выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі маладых спартоўцаў.

«Чаму на базе гэтых каткоў няма хакейнай школы і каманды, якая б у чэмпіянаце Беларусі гуляла? Стварайце ўмовы, каб туды прыйшлі добрыя хакеісты», — дадаў ён.

Пра біятлён

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, у мужчынскім біятлёне вынікі алімпіяды Пхёнчхане засмучаюць.

«Часам глядзіш на нашых мужыкоў, якія бегаюць зь вінтоўкамі, і такой ганьбы... Хацелася б кудысьці ад яе схавацца — кудысьці пад венік, пад плінтус запаўзьці, каб гэтага ня бачыць», — сказаў прэзыдэнт.

«У жаночай камандзе не відаць, хто прыйдзе на зьмену Домрачавай і Скардзіне. І калі хтосьці ацэньвае выступ жаночай каманды па біятлёну як пасьпяховы, то я б прапанаваў гэтым людзям апамятацца і паглядзець рэальна на тое, як выступалі нашы біятляністы наагул і дзяўчаты таксама».

Беларускае золата жанчын у эстафэце ў Пхёнчхане Лукашэнка назваў «хутчэй выпадковым, чым заканамерным».

Пра фрыстайл

Лукашэнка канстатаваў, што ў фрыстайле Беларусь уваходзіць у лік усясьветных лідэраў. І ў Карэі была магчымасьць узяць палову мэдалёў у гэтай дысцыпліне, аднак не атрымалася.

Пра канькабежны спорт і фігурнае катаньне

Пра канькабежны спорт і пра тое, што беларускія атлеты на Алімпіядзе тройчы трапілі ў васьмёрку наймацнейшых, Лукашэнка сказаў, што «на Алімпіяду, каб трапіць у васьмёрку, няма чаго ехаць».

Фігурыстаў у Беларусі, паводле Лукашэнкі, наагул не відаць, хоць у нас больш за тысячу чалавек, якія займаюцца ў спартыўных школах.

На XXIII зімовых Алімпійскіх гульнях, якія прайшлі ў Пхёнчхане (Паўднёвая Карэя) 9–25 лютага, беларуская зборная заняла ў мэдалёвым заліку 15-е месца зь дзьвюма залатымі і адной срэбнай узнагародамі. Усе тры мэдалі заваявалі жанчыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG