Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыса Хамайду аштрафавалі за віншаваньне жыхароў Віцебску з #БНР100


Барыс Хамайда ў судзе
Барыс Хамайда ў судзе

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску пакараў апазыцыйнага актывіста, 70-гадовага Барыса Хамайду, «за правядзеньне несанкцыянаванай масавай акцыі».

Судзьдзя Дзяніс Аляксеенка пастанавіў пакараць Хамайду штрафам у адну базавую велічыню — з улікам узросту і незаможнасьці.

У судзе разьбіраліся падзеі 23 сакавіка, калі найстарэйшы віцебскі апазыцыянэр віншаваў віцебскіх мінакоў са 100-годзьдзем абвяшчэньня БНР.

Хамайда віншуе віцяблян з Днём Волі. 23 сакавіка 2018 году
Хамайда віншуе віцяблян з Днём Волі. 23 сакавіка 2018 году

Сьведкамі былі міліцыянты Інэса Карнюкова і Вадзім Канькоў, які бачылі Хамайду і зьнялі яго на фота і відэа.

Канькоў сказаў суду пра бел-чырвона-белы сьцяг, які, на ягоную думку, і ёсьць прыкметай масавага мерапрыемства — аднаасобнага пікету Барыса Хамайды, дзе ён не выкрыкваў лёзунгаў і ні да чога не заклікаў, а проста гутарыў з тымі, хто падыходзіў да яго.

Хамайда віншуе віцяблян з Днём Волі. 23 сакавіка 2018 году
Хамайда віншуе віцяблян з Днём Волі. 23 сакавіка 2018 году

​На думку Барыса Хамайды, міліцыю выклікала жанчына, якая падыходзіла і пагражала яму падчас пікету, абзывала фашыстам, зьневажала бел-чырвона-белы сьцяг.

«Я ні кроплі не шкадую пра тое, што зрабіў. Бо Дзень Волі — гэта сьвята, а 100-годзьдзе БНР — сьвята яшчэ больш маштабнае. Я да яго рыхтаваўся і ганаруся тым, што скарыстаў нагоду павіншаваць віцяблянаў», — сказаў Хамайда ў судзе.

Судзьдзя Дзяніс Аляксеенка абвясьціў, што ўлічвае паважны ўзрост спадара Хамайды, а таксама невялікі памер ягонай пэнсіі (234 руб.), і таму карае апазыцыянэра невялікім штрафам памерам 24,5 руб. Праваабаронца Павал Левінаў заўважыў, што судзьдзя меў магчымасьць не караць актывіста ўвогуле, скарыстаўшыся палажэньнямі артыкулу 8.2, які дазваляе вызваліць ад адміністрацыйнай адказнасьці, калі дзеяньні не нанесьлі ўрону.

26 сакавіка за віншаваньні віцяблянаў з Днём Волі былі аштрафаваныя жыхары Віцебску Мікола Качурэц і Андрусь Кешанюк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG