Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 пытаньняў пра рэформы ў Беларусі, альбо Ці варта чакаць дзядзьку Сэма зь мехам грошай


Алесь Аляхновіч, эканаміст, віцэ-прэзыдэнт CASE Belarus
Алесь Аляхновіч, эканаміст, віцэ-прэзыдэнт CASE Belarus

Якія рэформы патрэбна рабіць і як, каб Беларусь стала больш пасьпяховай краінай? Ці стануць беларусы бяднейшымі, калі пачнуцца рэформы? І хто нам дапаможа іх рэалізаваць? На гэтыя пытаньні на «Крэш-курсе рэфарматара: як пабудаваць новую Беларусь» у Горадні спрабавалі адказаць заснавальнік «Цэнтру новых ідэй» палітоляг Рыгор Астапеня і эканаміст, віцэ-прэзыдэнт CASE Belarus Алесь Аляхновіч.

Сябры «Цэнтру новых ідэй» Рыгор Астапеня і Алесь Аляхновіч падчас лекцый імкнуцца адказваць на найбольш распаўсюджаныя пытаньні пра рэформы, абапіраючыся на досьвед краінаў Усходняй Эўропы.

Паводле Астапені, тэма рэформаў у нашай краіне ляжыць на паверхні не адно дзесяцігодзьдзе, але апошнія гады яна стала больш важнай. Асабліва з пачаткам рэцэсіі ў эканоміцы, якая прымусіла нават уладныя колы Беларусі гаварыць аб рэформах.

Свабода прапануе кароткі канспэкт лекцыі.

Найперш — макраэканамічная стабілізацыя

Макраэканамічная стабілізацыя зьяўляецца першай перадумовай для правядзеньня рэформаў ледзь не ў любой краіне. І беларусы заўважылі, што з прыходам новага кіраўніка Нацбанку Паўла Калавура ў нас перасталі так імкліва расьці цэны. Гэты якраз і ёсьць першай перадумовай для правядзеньня рэформаў.

Хоць у кожнай краіне імкнуцца гаварыць пра ўласныя перадумовы. Напрыклад, украінцы сьцьвярджаюць, што для іх вельмі важна, каб у краіне паўсталі новыя эліты, якія маглі б нешта рабіць, акрамя таго, як толькі раскрадаць дзяржаўную ўласнасьць.

Паляпшэньне бізнэс-асяродзьдзя

Трэба разумець, што паляпшэньне бізнэс-асяродзьдзя датычыць ня толькі прыватнага бізнэсу, але і дзяржаўных прадпрыемстваў. Сёньня галоўнае пытаньне ў Беларусі — што рабіць менавіта зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі, паколькі значная іх частка стратныя.

Найперш патрабуецца большая свабода ў гэтай галіне. Сусьветны досьвед такі, што ў эканамічна свабодных краінах людзі маюць лепшы дабрабыт.

Ці могуць чыноўнікі ўзяць адказнасьць на сябе

Насьпела вострая патрэба ў рэфармаваньні дзяржаўнай сыстэмы кіраваньня. Чыноўнікі ня могуць узяць адказнасьць на сябе, многія рашэньні прымаюцца гадамі.

Як прыклад, многія дзяржаўныя службоўцы былі супраць прыняцьця дэкрэту аб «дармаедах», але сыстэма працуе так, што ён быў прыняты.

Ці эфэктыўная беларуская адукацыя

У нас, на жаль, няма індыкатараў, каб параўнаць эфэктыўнасьць беларускай і заходняй адукацыі. Але мы дакладна ведаем, што ўзровень беларускай адукацыі значна ніжэйшы за той, які нам цяпер патрэбен. Адсталасьць беларускай эканомікі — адно з наступстваў гэтай праблемы.

Дзе рэформы былі самыя пасьпяховыя

Заўсёды знойдуцца людзі, якія скажуць: навошта мяняць сыстэму, калі яна працуе? Эканамічныя рэформы можна параўнаць зь лекамі. Кожны лек можа мець адмоўныя наступствы для чалавека, але гэта не азначае, што мы павінны баяцца лекараў і хадзіць да шаманаў.

За рэформамі трэба сачыць, каб людзі, якія могуць ад іх пацярпець, маглі мець сацыяльную падтрымку ад дзяржавы, грамадзтва. Каб у эканоміцы не паўставала алігархічная сыстэма, манаполіі.

Самыя пасьпяховыя краіны, якія правялі эканамічныя рэформы — тыя, якія пачыналі рабіць іх раней, пасьлядоўна і мэтанакіравана. Сярод іх Польшча, Чэхія, Славакія, Літва, Эстонія. Найгорш гэта адбывалася ва Ўкраіне і Расеі.

Беларусь знаходзіцца недзе ў сярэдзіне рэйтынгу, нягледзячы на тое, што асаблівых рэформаў у нас не было. Адно з тлумачэньняў гэтага — велізарныя эканамічныя субсыдыі з боку Расеі, якія ў розныя гады дасягалі ад 10 да 20% датаваньня беларускай эканомікі.

Аднак цяпер сытуацыя з субсыдыямі істотна зьмянілася і ў Беларусі пачалі часьцей гаварыць пра неабходнасьць рэформаў.

Што павінна рабіць дзяржава, каб беларусам было лягчэй падчас рэформаў

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня

Па-першае, павышаць узровень школьнай і вышэйшай адукацыі, каб адаптаваць яе для патрэбаў сучаснага рынку працы.

Па-другое, спрыяць большай мабільнасьці людзей, каб тыя, хто жывуць у вёсках і невялікіх гарадах, маглі знайсьці працу ў іншых рэгіёнах. Дзяржава павінна фінансаваць цэнтры павышэньня кваліфікацыі, праграмы па найме жыльля.

Па-трэцяе, ствараць роўныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу, каб не было алігархаў і манаполій.

Па-чацьвёртае, дзяржава павінна распрацаваць мэтавыя праграмы сацыяльнай падтрымкі для тых людзей, якія ня могуць працаваць.

Няпраўда, што падчас рэформаў людзі абавязкова мусяць пацярпець. Досьвед многіх краінаў сьведчыць, што разумныя рэформы не прыводзяць да трагічных сытуацый.

Як хутка трэба праводзіць рэформы

Многія ў Беларусі лічаць, што рэформы павінны быць паступовымі. Але досьвед сьведчыць, што найлепшых вынікаў дасягалі краіны, якія рабілі рэформы хутка, хоць пры гэтым дапускалі памылкі.

У нашым рэгіёне ёсьць яскравы прыклад Польшчы і Эстоніі. Сёньня, напрыклад, сярэдні заробак у Польшчы ў тры разы вышэйшы, чым у Беларусі, хоць у канцы 1980-х, калі палякі пачыналі свае рэформы, мы былі практычна ў аднолькавых эканамічных умовах.

Найгоршы прыклад — Украіна, дзе рэформы ўвесь час адкручваліся назад, і ў выніку яна цяпер бяднейшая, чым у канцы 1980-х гадоў.

Чаму патрэбна прыватызацыя

На пачатку 2000-х эканоміка Беларусі разьвівалася даволі хутка за кошт субсыдый з Расеі. Але, пачынаючы з 2009 году, гэты тэмп зьнізіўся ад 10% да 2% штогод. У той самы час, на думку адмыслоўцаў, сусьветная эканоміка будзе разьвівацца з гадавым прыростам у 4%. Гэта азначае, што калі Беларусь ня будзе праводзіць рэформаў, то і далей эканамічна будзе адставаць ад нашых суседзяў.

Менавіта дзеля таго, каб нейкім чынам павялічваць свой патэнцыял, Беларусь павінна праводзіць прыватызацыю. Досьвед Польшчы сьведчыць, што прыватызаваныя прадпрыемствы на 60% больш эфэктыўныя, чым дзяржаўныя. Прыватызацыя ўзмацняе канкурэнцыю. Ня самае дрэннае, што дзяржаўны сэктар эканомікі ў Беларусі вялікі, але самае дрэннае, што ён зьяўляецца манапалістам.

Досьвед краінаў, якія праводзілі рэформы, паказвае, што самой карысьці ад продажу дзяржаўнай маёмасьці ня так шмат адразу, але значна больш карысьці ад таго, што гэтыя прадпрыемствы становяцца больш эфэктыўнымі, плацяць больш падаткаў у бюджэт і не патрабуюць датацый.

Хто насамрэч праводзіць нацыянальныя рэформы

Многія думаюць, што краінам Усходняй Эўропы рэформы дапамог правесьці Захад. Насамрэч урады заходніх краінаў ніякіх асаблівых сродкаў на правядзеньне рэформаў не давалі.

Праводзіць рэформы дапамагаў бізнэс — інвэстары з уласнымі грашыма, тэхналёгіямі, досьведам. І ўсё вырашаецца ўнутры краіны, нягледзячы на тое, што існуе міт пра дзядзьку Сэма зь мехам грошай. На практыцы рэформы праводзяць нацыянальныя палітыкі і эканамісты.

Аднак, як бы ні было крыўдна эканамістам, але ў правядзеньні рэформаў найперш усё вырашаюць палітыкі і ад іх залежыць, што будзе адбывацца. Праўда, чым болей у краіне палітычных свабод, тым больш і эканамічных.

Пра выступоўцаў

Алесь Аляхновіч — асьпірант Варшаўскай школы эканомікі ды эканаміст кансалтынгавай кампаніі EY (Ernst & Young). Скончыў магістратуру ў Лёнданскай школе эканомікі і Варшаўскай школе эканомікі (пад навуковым кіраўніцтвам прафэсара Лешка Бальцаровіча), вывучаў мэнэджмэнт у Нацыянальным тайваньскім унівэрсытэце. Раней працаваў у McKinsey, Нацыянальным банку Польшчы.

Рыгор Астапеня — заснавальнік і галоўны рэдактар «Цэнтру новых ідэй». Працуе дырэктарам па разьвіцьці і аналітыкам Цэнтру Астрагорскага, а таксама рыхтуе дысэртацыю «Міжнародная ідэнтычнасьць Беларусі» ў Варшаўскім унівэрсытэце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG