Група журналістаў і праваабаронцаў накіравала ў раённы суд Магілёва скаргі, каб высьветліць, чаму мясцовыя судзьдзі забараняюць фота- і відэа здымкі падчас адкрытых працэсаў над актывістамі апазыцыйных арганізацый.
На іх думку, судзьдзі парушаюць пастанову пленуму Вярхоўнага суду «Аб забесьпячэньні галоснасьці ў ажыцьцяўленьні правасудзьдзя і распаўсюджваньні інфармацыі аб дзейнасьці судоў». Парушаецца таксама канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманьне інфармацыі.
Праваабаронца: «Судзьдзі дзейнічаюць на сваё хаценьне»
Падставай для дзясятка скаргаў на дзеяньні судзьдзі Алены Літвіной стаўся разгляд ёю справы супраць актывіста аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Станіслава Паўлінковіча. Яго аштрафавалі на 122 рублі 50 капеек за, нібыта, непадпарадкаваньне міліцыі напярэдадні Дня Волі. Судзьдзя не задаволіла яго хадайніцтва, каб працэс здымаўся на фота ды відэа, і не аргумэнтавала свайго рашэньня.
Праваабаронца Аляксандар Хамратаў называе масавы зварот у суд актам пратэсту і магчымасьцю заявіць пра парушэньні ў судах правоў грамадзян, бо іншых публічных пляцовак для гэтага, як ён кажа, не засталося.
«У законе выразна прапісана, што фота- і відэаздымкі на судовых пасяджэньнях рабіць можна, калі няма перашкод. У нашым выпадку іх не было. Асоба, якую вінавацілі ў парушэньні закону, не была супраць і настойвала на гэтым. Але судзьдзя заявіла, што забараняе, бо так хоча», — сказаў Хамратаў.
Праваабаронцы таксама заяўляюць, што працэдура разгляду падобных скаргаў у судах не прапрацаваная, таму судзьдзі, якія іх разглядаюць, дзейнічаюць на свой одум, не трымаючыся нормаў права.
Судзьдзя: «Рашэньне прынятае. Мае права аднаўляць парушаныя правы»
Старшыня Ленінскага суду Магілёва Галіна Кужалева, якая на працягу дня разглядала скаргі, таксама не дазволіла фота- і відэаздымкі. Сваю пазыцыю не падмацавала нормамі закону, а апэляцыю скаржнікаў да пастановы пленуму Вярхоўнага суду праігнаравала.
«Я адмовіла ў вядзеньні фота- і відэаздымак, бо гэта маё права», — заявіла судзьдзя.
Сваю падначаленую Алену Літвіну на разгляд скаргаў яна ня выклікала, бо палічыла, што ў гэтым няма патрэбы.
Скаргі актывістаў на незаконную забарону Літвіной фота- і відэаздымак Галіна Кужалева пакінула без задавальненьня, бо выніковае рашэньне па справе Паўлінковіча, як яна заявіла, ужо прынятае і ён сам мае права зьвярнуцца ў суд па аднаўленьне парушаных правоў.
Актывісты абяцаюць пасьля кожнага працэсу з забаронай фота- і відэаздымак скардзіцца ў суд, пакуль ім не аргумэнтуюць законнасьць дзеяньняў судзьдзі.