Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прыехаў «геапалітычны троль» і «ветлівы чалавек» з Масквы

абноўлена

Сяргей Лаўроў
Сяргей Лаўроў

«Геапалітычным тролем» у свой час амэрыканскае выданьне The Washington Post назвала міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова. 6 красавіка ён прыбыў у Менск для ўдзелу у сустрэчы міністраў замежных справаў СНД.

Раней прэзыдэнты Расеі пасьля абраньня і пераабраньня першы замежны візыт рабілі ў Беларусь. Сёлета гэтая традыцыя была парушаная — Уладзімір Пуцін пасьля пераабраньня паехаў у Турэччыну. Замест Пуціна ў Менск едзе Лаўроў, прычым на шматбаковую сустрэчу.

Аднак ня выключана, што падчас візыту ў Беларусь Лаўроў сустрэнецца з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. У двухбаковых адносінах назапасілася нямала вострых пытаньняў — працяг малочнай «вайны», візыт міністра замежных справаў Уладзімера Макея ў Вялікабрытанію ў разгар яе канфлікту з Расеяй праз «справу Скрыпаля», легальнае сьвяткаваньне ў Беларусі сотай гадавіны БНР, якое выклікала рэзкую крытыку ў некаторых расейскіх СМІ.

Сяргей Лаўроў — адзін з галоўных архітэктараў і выканаўцаў агрэсіўнай зьнешняй палітыкі сучаснай Расеі.

Нагадаем некаторыя факты зь біяграфіі расейскага міністра і ягоныя яскравыя выказваньні, якія нярэдка выходзілі за межы дыпляматычнага этыкету, і адпавядалі яго іміджу троля.

Лаўроў у фактах

Самы доўгатрывалы кіраўнік расейскага МЗС у постсавецкай гісторыі — з 2004 году.

Афіцыйна не паведамляецца, хто быў бацька цяперашняга кіраўніка МЗС РФ. Паводле некаторых зьвестак, гэта быў армянін з Тбілісі, а Сяргей Лаўроў узяў прозьвішча сваёй маці Калерыі Лаўровай, якая працавала ў міністэрстве зьнешняга гандлю СССР.

У 2005 годзе ў Ерэване, адказваючы на пытаньне аб тым, ці дапамагаюць яму ў працы ягоныя армянскія карані, Лаўроў адказаў, што «карані ў мяне ўвогуле грузінскія — мой бацька з Тбілісі, а вось кроў сапраўды армянская».

Працаваў за мяжой толькі ў дзьвюх краінах — у Шры Ланцы і ў ЗША. У Шры Ланцы у 1972-1976 гадах ён працаваў пасьля сканчэньня Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў, у ЗША — у 1981-1988 гадах у сталым прадстаўніцтве СССР пры ААН, і у 1994-2004 гадах — сталым прадстаўніком РФ пры ААН.

Валодае трыма замежнымі мовамі: ангельскай (свабодна), а таксама францускай і сынгальскай.

Летась выдаў кнігу «Мы — ветлівыя людзі. Развагі аб зьнешняй палітыцы».

Дачка — Кацярына — нарадзілася і вырасла ў Нью-Ёрку, скончыла Калюмбійскі унівэрсытэт у ЗША, дзе вывучала паліталёгію, і магістратуру па эканоміцы ў Лёндане; цяпер жыве ў Маскве, пэўны час была дырэктарам расейскага аддзяленьня аўкцыённага дому Christie’s.

Зацяты курэц. На пасадзе сталага прадстаўніка РФ пры ААН ігнараваў забарону на паленьне ў штаб-кватэры ААН, якую ўвёў тагачасны генэральны сакратар гэтай арганізацыі Кофі Анан. Лаўроў тады заявіў: «Гэты дом належыць усім чальцам ААН, і яе генэральны сакратар — усяго толькі наёмны мэнэджар».

Піша вершы, аўтар гімну Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў (МГИМО)

Захапляецца рафтынгам, сплаўляецца на плытах па горных рэках Алтаю разам з сябрамі, выпускнікамі МГИМО 1972-1974 гадоў.

Сяргей Лаўроў у цытатах

«Калі кожны адкрыта выказвае свой пункт гледжаньня — гэта таксама прыкмета блізкага саюзьніцтва»​.

(Сказана пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка ў 2014 годзе назваў «глупай і бязмозглай» расейскую палітыку абмежаваньня імпарту харчаваньня з Беларусі).

«Мы нікога не прымушаем, нікога не шантажуем, не пагражаем... Мы — ветлівыя людзі»​.

(На сустрэчы з маладымі дыпляматамі краінаў СНД).

«Калі будуць апускаць жалезную заслону, могуць сабе што-небудзь прышчаміць»​.

«У палітыцы ёсьць такое правіла: трэба бачыць тое, што табе выгадна, і не заўважаць таго, што табе не выгадна»​.

«Дэбілы, бл... ь!»​

(На прэсавай канфэрэнцыі з кіраўніком МЗС Саудаўскай Арабіі на адрас журналістаў).

«Who are you to fucking lecture me !? (Хто вы такі, каб, бл.. ь, вучыць мяне?!)

(У размове з кіраўніком МЗС Вялікабрытаніі Дэвідам Мілібэндам).

«I do not want to use four-letter words. (Я не хачу выкарыстоўваць слова з чатырох літар)»​.

(У адказ на пытаньне аб датычнасьці Расеі да ўзлому перапіскі кіраўніцтва Дэмакратычнай партыі ЗША, устойлівы ангельскі эўфэмізм «f-word» ці «Four-letter word» — адсылае да нецэнзурнай лаянкі па-ангельску).

«Ангельская — не мая родная мова, але, выкарыстоўваючы вашую ж тэрміналёгію, у вашыя прэзыдэнцкія выбары было ўцягнута так шмат pussies з абодвух бакоў, што я палічу за лепшае не камэнтаваць»​.

(Сказана ў адказ на пытаньне журналісткі CNN, якая нагадала пра справу Pussy Riot і спытала, што Лаўроў думае пра грубыя выказваньні Дональда Трампа пра жанчын, pussy — простамоўнае слова, якое азначае жаночы полавы орган).

«Мне ня плацяць за тое, каб я быў аптымістам»​.

«Выбачайце, што нашая краіна знаходзіцца сярод вашых ваенных базаў.

«Верыць, як сказаў паэт і дыплямат, можна толькі ў Расею, а СССР ён не меў на ўвазе. Таму я веру ў Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG