У афіцыйным адказе, што падпісаў старшыня выканкаму, гаворыцца, што людзі, якія цяпер пражываюць у гэтай хаце, — супраць.
Да зэльвенскіх уладаў з просьбай усталяваць шыльду на доме, у якім жыла Ларыса Геніюш, зьвярталіся сябры Горадзенскага аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Кіраўнік арганізацыі Валянцін Дубатоўка сказаў Свабодзе, што пісьменьнікі спадзяваліся на станоўчае рашэньне ўладаў, але атрымалі адмоўны адказ.
«Яны нам папросту напісалі, што гэта людзі, якія жывуць у доме, супраць усталяваньня шыльды, — кажа Дубатоўка. — Нават па заведзенай традыцыі не пісалі, што яна нерэабілітаваная, а папросту спаслаліся на людзей, бо гэта прасьцей за ўсё».
Спадар Дубатоўка думае, што зэльвенскія начальнікі дагэтуль не забыліся гісторыю з мэмарыяльнай шыльдай Ларысе Геніюш, якая адбылася ў 2010 годзе. Тады пісьменьнік і публіцыст Міхась Скобла разам са скульптарам Алесем Шатэрнікам шыльду на доме Геніюш ужо ўсталявалі, прычым, як згадвае Скобла, з дазволу ўладаў.
«Я тады хадзіў да намесьніка старшыні райвыканкаму і пытаўся дазволу на ўсталяваньне шыльды, — кажа Міхась Скобла. — Намесьнік старшыні выканкаму мне адказаў, што хата прыватызаваная, там жывуць два гаспадары — і, маўляў, дамаўляйцеся зь імі».
Скобла добра ведаў гаспадыняў Марыю Васілеўну Дайкала і Любоў Уладзіміраўну Захара, якія і цяпер жывуць у той хаце і заўсёды былі «за». Шыльда тады правісела чатыры дні, і яе сарвалі мясцовыя ўлады.
«Уявіце, калі ў хату да сталых жанчын прыйшоў высокі міліцэйскі чын і запатрабаваў паставіць подпіс на паперы, дзе яны супраць усталяваньня шыльды — што яны маглі яму запярэчыць?», — кажа Скобла.
Валянцін Дубатоўка згадвае, што потым зь цяжкасьцю ўдалося забраць самую шыльду з пастарунку, бо яе яшчэ не хацелі аддаваць.
Міхась Скобла шкадуе, што не ўдалося ўсталяваць шыльду да 7 красавіка, калі спаўняецца 35 год з дня сьмерці Ларысы Геніюш. Праўда, кажа, што будуць і новыя звароты ў райвыканкам, бо ў Зэльве зьмянілася кіраўніцтва раёну.
А 6 красавіка ў 19-й гадзіне ў Менску «Арт Сядзіба» (Машэрава, 18) ладзіць вечарыну памяці Ларысы Геніюш «Жыць для Беларусі!».