Чаму расейцы кажуць «Белоруссия»? Як мянялася практыка называньня беларусамі сваёй краіны? Хто пераможа ў вайне назваў? Пра гэта ў Зоне Свабоды з удзелам Юрыя Дракахруста, Валянціна Жданко і Ганны Соўсь.
Прапануем фрагмэнт дыскусіі.
Ганна Соўсь: Расейцы вельмі часта спасылаюцца на тое, што Белоруссия — гэта зацьверджаная, акадэмічная норма расейскай мовы. Як вы мяркуеце, а ці ёсьць нейкі прыхаваны падтэкст?
Валянцін Жданко: Варта крышку заглыбіцца ў гісторыю пытаньня. Зараз у Расеі фактычна існуюць дзьве нормы, і яны ня лічацца памылкай — і Белоруссия і Беларусь. У Беларусі да 1991 году дзейнічалі наступныя моўныя нормы: Беларусь — беларускамоўны варыянт, Белоруссия — рускамоўны варыянт. Так было замацавана, гэтым усе карысталіся. Калі Беларусь абвясьціла сваю незалежнасьць, у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня было шмат добрых, пісьменных, адукаваных гісторыкаў, мовазнаўцаў. І Беларусь зьвярнулася да міжнароднай супольнасьці, каб незалежную, новую краінаў называлі Рэспубліка Беларусь альбо Беларусь у скарочаным варыянце. На Захадзе да гэтага пераважна прыслухаліся.
У Расеі доўгі час не было адзінага меркаваньня на гэты конт. У 1995 годзе зьявілася ўрадавая пастанова пра тое, як называць былыя рэспублікі Савецкага Саюзу, і там была прапісаная норма Белоруссия, але была спасылка на тое, што калі размова ідзе пра заключэньне міжурадавых дамоваў, то можна карыстацца і афіцыйнай назвай, якой карыстаецца краіна Рэспубліка Беларусь. Гэтай пазыцыі прытрымліваецца і Інстытут рускай мовы Расейскай акадэміі навук, ён схільны да тэрміну Белоруссия. А вось на сумеснай калегіі міністэрстваў юстыцыі Расеі і Беларусі на просьбу беларускага боку было рэкамэндавана ўжываць тэрмін Беларусь, і МЗС Рэспублікі Беларусь гэта падтрымаў усяляк.
У Расеі доўгі час не было адзінага меркаваньня на гэты конт.
Як бачым, у Расеі няма адзінага меркаваньня, і лічыцца, што няма памылкі і так называць Беларусь, і гэтак. Мы бачым гэта, калі на расейскіх тэлеканалах у тытрах, як правіла, ужываецца назва Белоруссия, але калі суразмоўца сустракаецца зь нейкім палітыкам альбо кіраўніком Беларусі, каб падкрэсьліць павагу да беларускага сувэрэнітэту, ён ужывае назву Рэспубліка Беларусь. А калі хоча падкрэсьліць сваю імпэрскасьць, прыхільнасьць да вялікай Расеі, то гаворыць Белоруссия. Гэтая сытуацыя і захоўваецца ў Расеі. Гэта адбіваецца і на грамадзкай думцы ў Беларусі, паколькі беларусы знаходзяцца фактычна ў расейскай інфармацыйнай прасторы.
На Захадзе, дарэчы, так і робяць усе салідныя заходнія даведнікі, энцыкляпэдыі.
Прыхаваны падтэкст безумоўна ёсьць. Тыя, хто абазнаныя ў палітыцы і гісторыі, добра разумеюць гэты нюанс. Мы ж ня першыя, хто сутыкнуліся з гэтым. У 20 стагодзьдзі дзясяткі прыкладаў, калі старыя каляніяльныя валоданьні выходзілі з-пад улады мэтраполіі, шукалі новую назву і прасілі сусьветную супольнасьць называць іх па-новаму. Можна шмат прыкладаў прывесьці. Паўднёвая Радэзія, якая цяпер Зімбабвэ, Паўночная Радэзія, якая цяпер Замбія, Цэйлон, які цяпер Шры-Ланка, Бэнгалія, якая цяпер Бангладэш, Бірма, якая цяпер Мьянма. Новыя краіны ўсяляк спрабавалі адмежавацца ад сваёй колішняй прыналежнасьці да імпэрыі. Яны прасілі прызнаць іх новыя назвы, якія адпавядаюць іхняй гісторыі і мэнталітэту. У нас тая самая гісторыя. Калі мы гаворым пра Беларусь да 1991 году, можна казаць пра Белоруссию, але пасьля 1991 году той, хто паважае нашу незалежнасьць, сувэрэнітэт, нацыянальную годнасьць, будзе ўжываць назву Беларусь. На Захадзе, дарэчы, так і робяць усе салідныя заходнія даведнікі, энцыкляпэдыі. Таксама ж карысталіся калькай з расейскай мовы, а цяпер пераважна карыстаюцца Беларусь.
Ганна Соўсь: А ці так ужо жорстка і аднастайна ў расейцаў з Белоруссией? Памятаю, у свой час, калі Дзьмітры Мядзьведзеў быў прэзыдэнтам, дык ён публічна падчас прэсавай канфэрэнцыі, адказваючы на пытаньне журналіста БТ, паабяцаў называць толькі Беларусь.
Юры Дракахруст: Я нязгодны з Валянцінам, што Белоруссия ў вуснах расейцаў — гэта праява імпэрскасьці, імпэрскай спадчыны. Імпэрская назва — гэта Паўночна-Заходні край, а ніякая не Белоруссия.
Ганна Соўсь: Але ж калі гаварыць пра савецкую імпэрыю...
Юры Дракахруст: Як хто гаворыць у Расеі, ня надта залежыць ад іх поглядаў. На прэсавай канфэрэнцыі ў 2009 годзе тагачасны прэзыдэнт РФ Дзьмітры Мядзьведзеў паабяцаў называць нашу краіну Беларусь. А ён ня самы вялікі дэмакрат і прыхільнік незалежнасьці Беларусі. Зь іншага боку, у гэтай нашай студыі сядзелі нашыя калегі з рускай службы Свабоды, якія казалі Белоруссия. Я, напрыклад, іх не перапыняў і не выпраўляў.
Беларуская настойлівасьць уплывае на моўныя звычкі расейцаў.
Многія нямецкія і францускія газэты таксама называюць Беларусь па старынцы Weisrusland i Biélorussie. Хіба можна сказаць, што і зь іх боку гэта праявы імпэрскасьці? Беларусь у складзе іх імпэрыяў не была. Так што я гэта не адносіў бы да імпэрскасьці, гэта проста практыка, так людзі гавораць.
Я мяркую, што беларуская настойлівасьць уплывае на моўныя звычкі расейцаў. Некаторыя расейцы ж гавораць Беларусь, а не Белоруссия. Заявы, патрабаваньні, выпраўленьне, заўвагі пэўны ўплыў гэта робіць. Хаця зь іншага боку ёсьць інэрцыя, практыка, кантэкст.
Валянцін казаў, што былі прэцэдэнты зьмены дзяржавамі сваіх назваў і новыя назвы даволі лёгка прыжываліся. Але людзі ў нашым рэгіёне ня так часта ўзгадвалі, скажам, Верхнюю Вольту, якую перайменавалі ў Буркіна-Фасо. А Беларусь расейцы, у тым ліку і простыя людзі, часьцей прыгадваюць, пра яе гавораць. Ёсьць моўны кантэкст, практыка таго, як людзі гавораць. А гэта зламаць даволі складана.