Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cambridge Analytica атрымала зьвесткі 87 млн карыстальнікаў Facebook


Пад пагрозай былі зьвесткі амаль двух мільярдаў чалавек.

Кампанія Facebook афіцыйна заявіла, што ў распараджэньні палітычнай кансультатыўнай фірмы Cambridge Analytica апынуліся дадзеныя не 50 мільёнаў карыстальнікаў сацыяльнай сеткі, як паведамлялася раней, а 87 мільёнаў чалавек, якія ў асноўным пражываюць у ЗША.

Прадстаўнік Facebook расказаў Bloomberg, што зламысьнікі маглі атрымаць неналежны доступ да асабістых зьвестак большасьці з 2 млрд карыстальнікаў сацсеткі. Любы карыстальнік раней мог шукаць людзей па нумары тэлефону і адрасе электроннай пошты, зламысьнікі выкарыстоўвалі гэта для складаньня базаў асабістых зьвестак. Цяпер гэтая функцыя адключаная.

Таксама прадстаўнік сацсеткі прызнаў, што робаты кампаніі чытаюць паведамленьні карыстальнікаў, якія высылаюцца праз праграму Messenger — кампанія скануе спасылкі і фота ў паведамленьнях, а жывыя мадэратары могуць чытаць чаты, калі атрымаюць скаргу на неналежны кантэнт ад аднаго з удзельнікаў гутаркі.

У сярэдзіне сакавіка брытанскія і амэрыканскія журналісты апублікавалі расьсьледаваньне аб Cambridge Analytica. Брытанскую кампанію Cambridge Analytica, якая займаецца аналізам дадзеных, абвінавацілі ў тым, што яна выкарыстоўвала асабістыя дадзеныя карыстальнікаў Фэйсбуку ў ходзе перадвыбарнай кампаніі ў ЗША.

Скандал вакол «уцечкі дадзеных» Facebook. Што такое Cambridge Analytica і прычым тут Трамп з Расеяй

Facebook прызнала, што яшчэ ў 2015 годзе прасіла Cambridge Analytica выдаліць атрыманыя дадзеныя, але не пераканалася, што патрабаваньне было выканана.

Акцыі Facebook рэзка ўпалі пасьля публікацыі расьсьледаваньняў. З пачатку скандалу кошт сацыяльнай сеткі ўпаў на 80 мільярдаў даляраў.

Фэдэральная гандлёвая камісія ЗША пачала расьсьледаваньне ў дачыненьні да кампаніі Facebook.

Cambridge Analytica ў ЗША супрацоўнічала са штабамі кандыдатаў у прэзыдэнты ад рэспубліканцаў Тэда Круза і Дональда Трампа. Ці аказала рэкляма, пабудаваная на атрыманых дадзеных, уплыў на прэзыдэнцкую выбарчую кампанію, дакладна невядома.

3 красавіка Facebook таксама выдаліў больш за 270 акаўнтаў і старонак, створаных карыстальнікамі з Расеі, зьвязанымі з так званай «фабрыкай троляў» — Агенцтвам інтэрнэт-дасьледаваньняў. Большая частка выдаленых акаўнтаў і матэрыялаў — расейскамоўныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG