3 красавіка Белы дом распаўсюдзіў дакумэнт, прысьвечаны супрацоўніцтву ЗША з краінамі Балтыі ў галіне абароны, энэргетыкі, барацьбы з дэзінфармацыяй, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Як адзначаецца ў дакумэнце, прэзыдэнт падтрымлівае актывізацыю намаганьняў па ўмацаваньні абароны і бясьпекі балтыйскіх саюзьнікаў ЗША ў рамках NATO.
«Мы вельмі абараняем [Балтыйскі рэгіён]... У нас там вялікія сябры», — заявіў у ходзе Балтыйскага саміту, які адбыўся 3 красавіка, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.
Больш за 170 мільёнаў даляраў на абарону, сумесныя вайсковыя вучэньні
У дакумэнце ўдакладняецца, што Злучаныя Штаты плянуюць даць краінам Балтыі каля 100 мільёнаў даляраў на набыцьцё буйнакалібэрных узбраеньняў і звыш 70 мільёнаў даляраў на рэалізацыю праграмаў па ўмацаваньні узброеных сіл і сіл бясьпекі ў Эстоніі, Латвіі і Літве.
Адначасова Злучаныя Штаты працягваюць удасканальваць інфраструктуру абароны і бясьпекі ў Балтыйскім рэгіёне, адзначаецца ў дакумэнце. У прыватнасьці, ЗША вылучылі краінам Балтыі каля 3,5 мільёнаў даляраў на патрэбы адукацыі ў вайсковай сфэры, што дазваляе 150 студэнтам з балтыйскіх краінаў вучыцца ў ваенных акадэміях ЗША.
У дакумэнце таксама адзначаецца, што ўзброеныя сілы ЗША супрацоўнічаюць з войскамі краінаў Балтыі ў рамках шматнацыянальных вайсковых вучэньняў — у прыватнасьці, SABER STRIKE і BALTOPS. У гэтым годзе ў вучэньнях BALTOPS прымуць удзел больш за 5000 амэрыканскіх вайскоўцаў.
Умацаваньне энэргетычнай бясьпекі, праекты па дывэрсыфікацыі энэргетыкі
Акрамя таго, Белы дом аказвае краінам Балтыі дапамогу ў справе ўмацаваньня энэргетычнай бясьпекі. Як удакладняецца ў дакумэнце, прэзыдэнт Трамп падтрымлівае намаганьні краінаў Балтыі па дывэрсыфікацыі крыніцаў энэргіі і павышэньню канкурэнтаздольнасьці на энэргетычных рынках.
Пры гэтым, прызнаючы ўразьлівасьць энэргетычнай інфраструктуры краінаў Балтыі, ЗША маюць намер працаваць з ключавымі зацікаўленымі бакамі ў Эстоніі, Латвіі і Літве для павышэньня ўстойлівасьці энэргетычнага сэктару балтыйскіх краінаў. Гэтыя намаганьні будуць ўключаць як экспэртную падтрымку ў справе прадухіленьня, выяўленьня і спыненьня кібэратак, так і тэхнічную дапамогу ў ажыцьцяўленьні праектаў па дывэрсыфікацыі энэргетыкі, уключаючы сынхранізацыю балтыйскіх і эўрапейскіх электрасетак.
Барацьба з дэзінфармацыяй
Злучаныя Штаты выдзеляць 3 мільёны даляраў на супрацоўніцтва з трыма балтыйскімі дзяржавамі ў мэтах барацьбы з дэзінфармацыяй шляхам ўмацаваньня незалежных СМІ і грамадзкага вяшчаньня ў рэгіёне.