Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы галоўны рэдактар «Эўрарадыё»: «Якаснай журналістыкай не прыдбаеш вялікай аўдыторыі»


Архіўнае фота. Павал Сьвярдлоў
Архіўнае фота. Павал Сьвярдлоў

Сёньня стала вядома, што з 2 красавіка галоўным рэдактарам «Эўрапейскага радыё для Беларусі» («Эўрарадыё»), аднаго з найбуйнейшых заходніх мэдыя ў Беларусі, стаў 34-гадовы журналіст Павал Сьвярдлоў.

Сьвярдлоў раней працаваў у онлайн-выданьні Kyky.org, часопісе «Таймер», яшчэ раней — на «Эўрарадыё», а таксама вёў праграму «Эканоміка на пальцах» на партале Tut.by разам з эканамістам Сяргеем Чалым.

Дагэтуляшні галоўны рэдактар «Эўрарадыё» Віктар Малішэўскі прызначаны крэатыўным рэдактарам.

Адначасова «Эўрарадыё» пакідае генэральны прадусар Віталь Зыблюк, які ў 2011–2016 гадах быў галоўным рэдактарам. Свой сыход ён не камэнтуе.

Новы галоўны рэдактар Павал Сьвярдлоў адказаў на пытаньні Свабоды.

«Спадзяюся, што крэатыву будзе шмат»

— Як вы зьбіраецеся адраджаць былую славу «Эўрарадыё»?

— Некаму ўсё ж відавочна, што раней гэтая слава была. Так, мы апошнім часам па-ранейшаму добра робім тое, што ўмеем рабіць. Гэта журналісцкія расьсьледаваньні, мы заўважаем тое, чаго ніхто не заўважае, умеем раскрыць тэму зь іншага ракурсу. І чамусьці апошнім часам гэта робіцца менш запатрабаваным.

Шкада, але якаснай журналістыкай не прыдбаеш вялікай аўдыторыі

Шкада, але, зь іншага боку, займаючыся тым, што называецца якаснай журналістыкай, прынамсі не прыдбаеш вялікай аўдыторыі. Нашы тэксты добра перадрукоўваюцца іншымі выданьнямі, добра чытаюцца і ў нас. Але «Эўрарадыё» трэба рабіцца больш папулярным, і мы будзем імкнуцца гэта зрабіць.

Павал Сьвярдлоў
Павал Сьвярдлоў

Як? Актывізуем працу з сацыяльнымі сеткамі, будзем палягчаць стылістыку выкладаньня тэкстаў. Калісьці я быў зь Сяргеем Чалым вядоўцам праграмы «Эканоміка на пальцах», і вось, відаць, трэба «на пальцах», больш проста выкладаць складаныя рэчы, каб яны лепш успрымаліся.

Ну, і крэатыў. У нас у камандзе застаецца Віктар Малішэўскі, і я гэтым вельмі ўсьцешаны. Ён будзе займаць пасаду крэатыўнага рэдактара — адказваць выключна за творчыя пытаньні. І я спадзяюся, што крэатыву будзе шмат.

— Ці будзе мяняцца рэдакцыйная палітыка? Прыярытэты ў выбары тэмаў?

— Ёсьць вялікая спакуса ісьці простым шляхам, якім ідуць усе. То бок браць нейкія посты з блогаў, рабіць сюжэты пра нешта, што ня вельмі сур’ёзна ўплывае на жыцьцё беларусаў, але дазваляе хайпануць. Але сутнасьць сваёй працы бачу ў тым, каб мы па-ранейшаму бралі сур’ёзныя тэмы, але рабілі больш даступна, цікава і арыгінальна. Каб вярнуць запатрабаванасьць у чытачоў.

«Адна з мэтаў — пашырэньне каманды»

— На каго з журналістаў вы будзе рабіць стаўку, бо шмат хто сышоў з «Эўрарадыё»?

Зьміцер Лукашук
Зьміцер Лукашук

​— Нашы журналісты ў перапісцы ў сацсетках жартуюць, што можна складаць клюб выпускнікоў «Эўрарадыё», якія цяпер працуюць у топавых беларускіх мэдыя.

Са старой каманды ў нас застаюцца патрыярх «Эўрарадыё» і беларускай журналістыкі Зьміцер Лукашук і клясны, разумны, жвавы журналіст Марыя Калесьнікава. Гэта будуць нашы апоры, на якіх будзем будаваць новую каманду.

Ёсьць ужо два новыя журналісты, якія атрымалі афіцыйную акрэдытацыю, Анастасія Бойка і Марыя Вайтовіч. Стаўку мы будзем рабіць на ўсіх журналістаў, якія ёсьць на «Эўрарадыё». Можа ўзьнікнуць ілюзія, што мы вялікі праект. Але над нашым сайтам, інфармацыйным напаўненьнем эфіру збольшага працуюць вось гэтыя чатыры чалавекі. На іх і будзем рабіць стаўку.

— А ці ёсьць праблемы з акрэдытацыяй?

— Абсалютна ніякіх праблемаў, стасункі зь Міністэрствам замежных спраў складаюцца добра. Адна з мэтаў, якую паставіла перада мной кіраўніцтва, — гэта пашырэньне каманды. Будзем яшчэ прасіць акрэдытацыі, і спадзяёмся, што ўсё будзе добра.

«На жаль, даволі шмат часу згублена»

— Чаму ўсё ж «Эўрарадыё» апынулася ў крызісе?

— Пытаньне няпростае. Была нейкая ілюзія, што дастаткова добра рабіць запатрабаванае і тое, што мы ўмеем. Добра адпрацаваўшы на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году, мы, на жаль, амаль не зьмяняліся разам з часам. А паралельна зьяўляліся новыя мэдыя, яны шукалі новыя падыходы да чытачоў, перацягвалі нашу аўдыторыю.

Даволі шмат часу страчана, але, спадзяюся, яшчэ ня ўсё, і мы, як фэнікс з попелу, паўстанем і яшчэ будзем сьвяціць усім.

«Даём рады». Музычная прэмія «Эўрарадыё»
«Даём рады». Музычная прэмія «Эўрарадыё»

— Якая ў вас цяпер сытуацыя зь фінансаваньнем і хто вас падтрымлівае?

— Я працую галоўным рэдактарам пакуль толькі два працоўныя дні і не пасьпеў ва ўсім разабрацца. На заробкі ў нас ня скардзяцца. Ёсьць сродкі для пашырэньня каманды. І, каб набраць новых журналістаў, не спатрэбіцца абразаць заробак тым, хто працуе цяпер.

На заробкі ў нас ня скардзяцца

На днях мы пераехалі з чацьвёртага паверху нашага будынка на вуліцы Карла Маркса, 15 на другі паверх. Тут таньнейшая арэнда, але большыя пакоі, таму крыху больш будзем плаціць. Гэта таксама спрыяе абнаўленьню. Што да донараў, то ў «Эўрарадыё» ніколі не было фінансаваньня з адной крыніцы. Мы іх ніколі не хавалі, і яны ня вельмі зьмяняюцца.

«Хацелася б перацягваць аўдыторыю дзяржаўных СМІ​»

Павал Сьвярдлоў
Павал Сьвярдлоў

— Каго вы бачыце сваімі канкурэнтамі ў мэдыйнай прасторы?

— Над гэтым пытаньнем яшчэ не пасьпеў падумаць. Хацелася б сказаць, што мы лічым сваім канкурэнтам Радыё Свабода, але нам трэба зрабіць некалькі крокаў наперад, каб залічыць Свабоду ў свае роўныя канкурэнты.

У прынцыпе, хацелася б перацягваць аўдыторыю дзяржаўных СМІ, аўдыторыю недурную, удумлівую, але якая зь нейкіх прычын не спажывае незалежны інфармацыйны кантэнт. Таму менавіта гэта, а ня нейкую канкурэнтную барацьбу зь іншымі незалежнымі мэдыя мы зробім сваёй мэтай. І будзем змагацца за гэтыя наіўныя сэрцы.

12-гадовая гісторыя «Эўрарадыё»

«Эўрапейскае радыё для Беларусі» мае галаўны офіс у Варшаве. Вяшчае на беларускай мове праз спадарожнік, у інтэрнэце, а таксама ловіцца ў FM-дыяпазоне ў некаторых памежных раёнах Горадзеншчыны і Берасьцейшчыны.

У 2009 годзе Савет міністраў Беларусі выдаў радыёстанцыі дазвол на заснаваньне карэспандэнцкага пункту ў Менску.

Спачатку галоўным рэдактарам «Эўрарадыё» была журналістка Юлія Слуцкая. У канцы 2010 году «Эўрарадыё» ўзначаліў Віталь Зыблюк. У жніўні 2016 году Зыблюк перайшоў на пасаду генэральнага прадусара, а галоўным рэдактарам стаў журналіст, вядомы блогер Віктар Малішэўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG