Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папраўкі да закону аб СМІ могуць разгледзець ужо 19 красавіка


Форма камэнтаваньня праз Facebook
Форма камэнтаваньня праз Facebook

Палата прадстаўнікоў можа разгледзіць папраўкі да закону аб СМІ ужо 19 красавіка. Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня парлямэнцкай камісіі ў пытаньнях правоў чалавека, нацыянальных дачыненьняў і сродкаў масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч.

Паводле праекту, тэкст якога 2 красавіка апублікавала Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах. Прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасьць якой можа прывезьці да блякаваньня сайту. Таксама разглядаюць магчымасьць поўнага блякаваньня асобных сацыяльных сетак.

«Усё залежыць ад рэакцыі зацікаўленых у гэтым законапраекце арганізацый. Камісія разаслала ім, уключна з БАЖ, гэты дакумэнт і папрасіла выказаць заўвагі, меркаваньні, прапановы. Чакаем іх рэакцыю да 9 красавіка. Калі заўваг будзе няшмат, то паспрабуем вынесьці законапраект у першым чытаньні на наступнае пленарнае паседжаньне, — сказаў Навумовіч.

У прыкладным графіку наступнае паседжаньне Палаты прадстаўнікоў заплянаванае на 19 красавіка.

Старшыня камісіі сказаў, што аўтарам зьменаў і дапаўненьняў да закону аб СМі зьяўляецца беларускі ўрад. У камісію законапраект паступіў у канцы студзеня.

Асабістае стаўленьне да зьменаў у закон Андрэй Навумовіч раскрываць ня стаў.

«Яно ў мяне ёсьць. Але ў дадзены момант я не хацеў бы камэнтаваць гэты дакумэнт і навязваць свой пункт гледжаньня. Гэта непрафэсійна. Спачатку трэба пачуць пазыцыю ўсіх зацікаўленых органаў, камісіі, дэпутатаў. І толькі тады будзем прымаць адпаведнае рашэньне», — адказаў ён на пытаньне Свабоды.

Мінінфарм не камэнтуе прапанаваных зьменаў

Намесьнік начальніка ўпраўленьня прававога забеспячэньня і кантролю за выкананьнем заканадаўства Міністэрства інфармацыі Юры Бябешка сказаў карэспандэту Свабоды, што асабіста ён ня браў удзелу ў падрыхтоўцы прапаноў для законапраекту.

«Мне невядома таксама, ці хто з калегаў удзельнічаў у гэтым», — сказаў Юры Бябешка. Ён адмовіўся камэнтаваць і прапанаваныя зьмены ў закон. «Я не магу камэнтаваць такія рэчы, у тым ліку і мэты, якія ставілі распрацоўшчыкі гэтага законапраекту», — сказаў чыноўнік Мінінфарму.

БАЖ: зьмены накіраваныя на ўзмацненьне кантролю за інтэрнэтам у Беларусі

2 красавіка Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала атрыманы ад Палаты прадстаўнікоў праект паправак, якія тычацца закону «Аб сродках масавай інфармацыі».

На думку старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, прапанаваныя зьмены накіраваныя на ўзмацненьне кантролю за інтэрнэтам у Беларусі.

Заснавальнік парталу Tut.by Юры Зісер пракамэнтаваў, што патрабаваньне ідэнтыфікацыі карыстальнікаў прывядзе да іх сыходу на замежныя сайты, дзе няма абмежаваньняў і можна пісаць па-расейску.

Міністар інфармацыі Карлюкевіч заявіў аб намеры абмежаваць камэнтаваньне ў інтэрнэце адразу пасьля прызначэньня
Міністар інфармацыі Карлюкевіч заявіў аб намеры абмежаваць камэнтаваньне ў інтэрнэце адразу пасьля прызначэньня

24 студзеня Міністэрства інфармацыі без папярэдняга паведамленьня выдала распараджэньне заблякаваць у Беларусі сайт Charter97.org. 14 лістапада мінулага году быў заблякаваны доступ да сайту выданьня «Беларускі партызан». Апошні аднавіў працу ў дамэннай зоне .by.

У студзеньскай перадачы «Клюб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь-1» ананімныя камэнтары называліся адной з магчымых прычын блякіроўкі парталаў «Беларускі партызан» і «Хартыя-97». Паводле сузаснавальніцы «Партызана» Сьвятланы Калінкінай, калі на партале адключылі камэнтары, то сайт «пусьцілі» у беларускую дамэнную зону. Камэнтаваць навіны «Партызана» па-ранейшаму можна ў сацсетках.

У кастрычніку 2017 у перадачы «Клюб рэдактараў» міністар інфармацыі новапрызначаны міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч заявіў у перадачы «Клюб рэдактараў», што новы закон аб СМІ павінен закрануць «перш за ўсё выступы ў сацсетках, інтэрнэце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG