Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм-расьсьледаваньне пра забойства Паўла Шарамета атрымае прэстыжную прэмію


Павал Шарамет, архіўнае фота
Павал Шарамет, архіўнае фота

Праект «Слідство.Інфо» і OCCRP (Organized Crime and Corruption Reporting Project (Праект у расьсьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці) атрымаюць узнагароду за фільм-расьсьледаваньне забойства журналіста «Українськой правди​» Паўла Шарамета.

Пра гэта паведамляецца на сайце арганізацыі Investigative Reporters and Editors Award — адной з самых прэстыжных сусьветных узнагародаў у журналістыцы расьсьледаваньняў.

Першае месца «Слідство.Інфо» падзяліла з газэтай The New York Times, якая прадстаўляла вядомую сэрыю матэрыялаў пра дамаганьні ў Галівудзе, паведамляе «Українська правда».

«„Забойства Паўла“ — гэта фільм „Слідство.Інфо“ і OCCRP, у якім журналісты спрабуюць знайсьці адказнага за сьмерць калегі. Нішто ня можа быць больш у духу IRE», — гаворыцца ў заяве арганізатараў.

Яны адзначылі «неверагодную настойлівасьць і мужнасьць» журналістаў у адсочваньні ключавых сьведак і аналізе кадраў з камэраў назіраньня, каб раскрыць падказкі, якіх раней не заўважала паліцыя.

Дзьмітры Гнап
Дзьмітры Гнап

«Прыемна, што ў катэгорыі „Відэа“ наша праца апярэдзіла вядомы праект „60 minutes“ (CBS), які для ўсіх нас зьяўляецца прыкладам працы ў тэлевізійных расьсьледаваньнях», — напісаў у Facebook аўтар і вядучы «Слідство.Інфо» Дзьмітры Гнап.

«За апошнія 20 гадоў ляўрэатамі прэміі Investigative Reporters and Editors Award станавіліся The Washington Post, The Wall Street Journal, NBC, CBS, Vice News і многія іншыя вядомыя ў сьвеце мэдыя», — дадаў ён.

У той жа час Гнап расказаў, што «афіцыйнае расьсьледаваньне забойства Паўла Шарамета амаль ніяк не прасунулася за апошні год».

«Праваахоўнікі ня проста стаяць на месцы. Здаецца, яны бяздумна ходзяць па коле. Падобна на тое, што расьсьледаваньне сьмерці Паўла сёньня трэба хіба што нам, журналістам. Што, у прынцыпе, нас мала зьдзіўляе», — падкрэсьліў журналіст.

Як паведамлялася, рэдактар-заснавальнік «Української правди» Алена Прытула выступіла з патрабаваньнем да генпракурора Юрыя Луцэнкі расьсьледаваць гібель журналіста Паўла Шарамета ў 2016 годзе як тэрарыстычны акт.

Павал Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева ў выніку падрыву аўтамабіля. Да гэтага часу афіцыйнага падазраванага ў справе аб забойстве Шарамета няма.

Павал Шарамет — беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст тэлевізіі, радыё і пэрыядычных выданьняў, у 1990–2000-х гадах — кіраўнік аддзелу спэцыяльных інфармацыйных праектаў расейскага тэлеканалу ОРТ, пасьля — «Першага каналу». Апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданьні «Українськая правда», а таксама на радыё «Вести».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG