Дональд Трамп у тэлефоннай размове з Уладзімірам Пуціным 20 сакавіка абмяркоўваў магчымасьць правесьці сумесную сустрэчу. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэс-сакратара Белага дома Сары Сандэрс.
Адзначаецца, што прэзыдэнт ЗША і прэзыдэнт Расеі абмеркавалі шэраг месцаў, дзе можна правесьці сустрэчу, у тым ліку Белы дом. Сандэрс не назвала дату магчымай сустрэчы амэрыканскага і расейскага лідэраў, удакладніўшы, што такая сустрэча можа адбыцца «ў найбліжэйшай будучыні».
Раней пра тое, што Трамп прапанаваў Пуціну сустрэцца, распавёў памочнік расейскага прэзыдэнта Юрый Ушакоў. Ён адзначыў, што праз «справу Скрыпаля» і ўзаемную высылку дыпляматаў перамовы аб сустрэчы прэзыдэнтаў ўскладніліся.
Тэлефонная размова Трампа і Пуціна адбылася па ініцыятыве амэрыканскага боку. Тады прэзыдэнт ЗША павіншаваў Пуціна зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах. Паводле дадзеных амэрыканскага выданьня The Washington Post, Белы дом не рэкамэндаваў Трампу рабіць гэтага і раіў пачаць размову з абмеркаваньня «справы Скрыпаля». Прэзыдэнт ЗША тады напісаў у твітэры, што мець добрыя адносіны з Расеяй «гэта добра, а ня дрэнна».
26 сакавіка Вашынгтон прыняў рашэньне выслаць 60 расейскіх дыпляматаў і закрыць консульства ў Сіэтле ў адказ на атручваньне ў Вялікабрытаніі былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі. Масква ў адказ выслала 60 амэрыканскіх дыпляматаў і закрыла консульства ў Санкт-Пецярбургу.