Сёньня ў Рызе адбыўся «Уселатыскі бацькоўскі сход». Гэта акцыя супраць рэформы адукацыі і пераводу навучаньня ў школах на латыскую мову, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.
Яе арганізатарам выступіў «Расейскі саюз Латвіі». Латвійскія ўлады лічаць, што арганізацыю падтрымлівае МЗС Расеі.
На днях Сэйм Латвіі ўхваліў рэформу міністэрства адукацыі. Гэта азначае, што дзеці з 1-й па 6-ю клясы будуць вучыцца на дзьвюх мовах. З 7-й па 9-ю клясы на дзяржаўнай мове выкладаць будуць ня менш за 80% прадметаў. З 10-й па 12-ю клясы школьнікі будуць вучыцца толькі на латыскай.
Удзельнікі сходу прынялі рэзалюцыю ў падтрымку захаваньня школьнай адукацыі ў краіне на мовах нацыянальных меншасцяў. Чакаецца, што яна будзе накіраваны ў Эўрапарлямэнт, Эўракамісію, ААН і АБСЭ. Людзі, якія сабраліся, таксама зьвярнуліся да прэзыдэнта рэспублікі Раймандса Вяёніса з заклікам не ўхваляць рэформу.
Паводле апытаньняў, амаль 70 адсоткаў жыхароў Рэспублікі ўхваляюць рэформу адукацыі Латвіі.
Міністар адукацыі і навукі Карліс Шадурскіс лічыць, што за акцыямі супраць рэформы адукацыі стаяць пракрамлёўскія палітыкі, якія спрабуюць падрыхтавацца да маючых адбыцца парлямэнцкіх выбараў у Латвіі.
Латыская — адзіная дзяржаўная мова Латвіі. Насельніцтва рэспублікі складае прыкладна 1 мільён 700 тысяч, каля 500 тысяч жыхароў рэспублікі называюць сваёй роднай мовай расейскую. Мяркуецца, што поўны пераход навучаньня на латыскую мову скончыцца 1 верасьня 2021 году.