27 сакавіка ў Менску пачаўся суд па справе, якую «дапамог раскрыць» Аляксандар Лукашэнка. Справу аб забойстве, якое адбылося ў Магілёве ў 2009 годзе, разглядае Вярхоўны суд. На працэсе прысутнічае бацька забітай жанчыны.
Суд па справе, якую «дапамог раскрыць» Лукашэнка. ЖЫВЫ БЛОГ
1 лютага кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка расказаў, што дапамог раскрыць крымінальную справу «аб забойстве жыхаркі Магілёўскай вобласьці некалькі гадоў таму». Па словах Лукашэнкі, да яго зьвярнуўся незадаволены першым разглядам справы бацька забітай.
«Прыйшоў і кажа: Аляксандар Рыгоравіч, ну ня можа быць, каб было так, як суд прыняў рашэньне, і так, як сьледзтва правялі. Зваротаў такіх шмат, — распавядаў Лукашэнка пра зварот бацькі забітай. — Я папрасіў яго даслаць усе матэрыялы, якія ў яго на руках. Ён мне даслаў. Я сеў і сам за суткі вывучыў іх. І даў каманду пракурору і старшыні КДБ, чаго б ні каштавала, расьсьледаваць гэтую крымінальную справу».
Як расказаў Лукашэнка, «нягодніка» тут жа знайшлі ў Расеі і ўжо прывезьлі ў Менск, зноў распачалі крымінальную справу. Тых, хто вёў расьсьледаваньне раней, і тых, хто вынес апраўдальны прысуд, Лукашэнка паабяцаў «дастаць з-пад зямлі» і «спагнаць зь іх».
«Пры тым я кантраляваў увесь гэты працэс, — дадаў Лукашэнка. — І высьветлілася, што ён забойца. А яго фактычна апраўдалі [...] Ён прызнаўся, паказаў, як і дзе забіваў».
Як расказаў Свабодзе бацька забітай магіляўчанкі Леанід Сьляпнёў, ён знаёмы з кіраўніком краіны асабіста яшчэ з тых часоў, калі Лукашэнка не займаў сваёй пасады.
«Каб прэзыдэнт не ўмяшаўся, то на гэтай справе б паставілі крыж. Таму я ўдзячны, што ў ягонай асобе знайшоў разуменьне, — расказаў бацька забітай. — Да яго я быў у Вярхоўным судзе, на прыёме ў Генэральнага пракурора. Усе мяне слухалі, ківалі галовамі, а потым я атрымліваў адпіску. Калі я пісаў паўторна ці са мною сустракаліся, то мне давалі зразумець, каб я зьмірыўся, бо, даводзілі яны, дачку ж я не вярну».
Першы разгляд справы аб забойстве дачкі Леаніда Сьляпнёва скончыўся апраўданьнем абвінавачанага і яго вызваленьнем з-пад варты. Судзьдзя ў размове з журналісткай парталу TUT.BY Кацярынай Барысевіч прызнавалася, што гэта быў першы апраўдальны прысуд па справе аб забойстве ў яе кар’еры.
У яўцы з павіннай падазраваны напісаў, што забіў жанчыну, бо яна яго зьневажала
У сабраных Леанідам Сьляпнёвым дакумэнтах ёсьць яўка з павіннай меркаванага злачынцы — Юрыя І. Яна аформленая на пятыя суткі пасьля таго, як знайшлі Сьвятлану забітай, 10 лютага 2009 году.
Паводле Сьляпнёва, апэратыўнікі дапыталі на датычнасьць да забойства блізу дзясятка знаёмых Сьвятланы. 9 лютага 2009 году ў міліцыю выклікалі і Юрыя. Міліцыянты прапанавалі мужчыну прайсьці выпрабаваньне на паліграфе. Дэтэктар і паказаў, што Юры мае дачыненьне да забойства. Была выпісаная пастанова на яго арышт. Менш як праз суткі мужчына прызнаўся ў забойстве, паведаміў, што стала яго прычынай і калі яно адбылося.
Апэратыўнікам ён даводзіў, што позьнім вечарам 3 лютага пасьля расьпіваньня зь ім гарэлкі Сьвятлана ў сваім доме зьневажала яго.
«... Я схапіў нож і пачаў наносіць удары. Куды, сказаць не магу, бо быў увесь на эмоцыях. Потым ускочыў з ложка і дужа спужаўся», — напісана ў яўцы з павіннай.
У ёй падазраваны адзначыў, што, пакідаючы месца злачынства, ён скраў з дома забітай яе каштоўнасьці, як потым падлічыла сьледзтва, на суму больш за два мільёны (недэнамінаваных) рублёў. Нож выкінуў у цэнтры гораду, непадалёк ад кінатэатра «Радзіма». Пазьней прыладу забойства адшукаў дворнік у кантэйнэры са сьмецьцем.
У канцы прызнаньня падазраваны напісаў, «што ўва ўчыненым раскайваецца» і просіць суд улічыць яўку з павіннай, якую ён напісаў «без прымусу супрацоўнікаў міліцыі».
У матэрыялах справы адзначаецца, што забітай было нанесена 41 траўма. Памерла 38-гадовая жанчына ад страты крыві. Знайшлі зьнявечанае цела на другія суткі.
Падазраваны адмовіўся ад сваіх словаў пасьля сустрэчы з адвакаткай
Ад прызнаньня падазраваны адмовіўся пасьля сустрэчы з адвакаткай Навасельцавай. Леаніду Сьляпнёву ўдалося займець стэнаграму яе гутаркі з падабаронным. Яна датаваная 10 лютага 2009 году. Падазраваны таксама прызнаецца адвакатцы, што забіў палюбоўніцу. Навасельцава раіць яму заявіць, што агаварыў сябе пад ціскам апэратыўнікаў. На паказаньні дэтэктара хлусьні, кажа адвакатка, ня варта зьвяртаць увагі, бо яны не разглядаюцца судом як доказ віны. Затрыманы паслухаўся і ў судзе заявіў, што не забіваў палюбоўніцу і нічога ня ведае пра забойства.
Як сказаў Сьляпнёў, у ходзе судовага разбору Навасельцава была адхіленая ад удзелу ў працэсе. Яе замяніў адвакат Аўсяйкоў, які трымаўся лініі абароны, выбранай сваёй каляжанкай. Даводзіў, што падабаронны не вінаваты.
Судзьдзя апраўдала падазраванага ў забойстве, бо сьледчыя парушалі закон
Справу разглядала судзьдзя Магілёўскага абласнога суду Сьвятлана Аксёненка. У сваім выраку яна адзначыла мноства парушэньняў, зробленых апэратыўнікамі ў ходзе расьсьледаваньня.
Затрыманьне падазраванага судзьдзя палічыла незаконным, бо яно не было належным чынам аргумэнтавана. Судзьдзя угледзела парушэньні парадку правядзеньня сьледчымі «апэратыўных мерапрыемстваў», адзначыла, што падазраваны ня быў дапытаны ў справе, як таго патрабуе закон. Як вынікае з судовай пастановы, яўка з павіннай таксама была аформлена з парушэньнем закону. Яе склалі ўжо пасьля таго, як затрыманага прызналі падазраваным у забойстве.
«... Усе сумневы ў доказах віны маюць быць у адпаведнасьці з законам патлумачаныя на карысьць абвінавачванага», — адзначыла ў сваім выраку судзьдзя Сьвятлана Аксёненка.
22 лютага 2010 году падазраванага ў забойстве жанчыны судзьдзя апраўдала празь недаказанасьць яго ўдзелу ва ўчыненьні злачынства.
Пацярпелым Сьляпнёвым было адмоўлена ў задавальненьні грамадзянскіх пазоваў на суму 22 мільёны 50 тысяч (недэнамінаваных) рублёў.