Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязень паведаміў пра спробу суіцыду ў Магілёўскай калёніі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вязень Магілёўскай папраўчай калёніі Пятро Кучура просіць выклікаць у папраўчую ўстанову супрацоўнікаў пракуратуры і Сьледчага камітэту.

Асуджаны на 18 гадоў зьняволеньня жыхар Менску Пятро Кучура трапіў пад ціск адміністрацыі магілёўскай калёніі № 15 нібыта за нелегальную перадачу інфармацыі пра сытуацыю ў гэтай установе, — паведаміла Свабодзе жонка зьняволенага Людміла.

«Молісься, каб толькі нічога зь ім ня здарылася», — жонка асуджанага на 18 гадоў менчука-інваліда

Асуджанага абвінавачваюць у тым, што апошнім часам на волю праз нелегальныя каналы трапіла шмат інфармацыі пра факты парушэньня правоў вязьняў у Магілёўскай калёніі, напрыклад, пра неаказаньне мэдыцынскай дапамогі зьняволеным, што прывяло да іх сьмерцяў, таксама — пра спробы суіцыду за кратамі. Аднак, кажа Людміла Кучура, у калёніі пра гэта ведае ня толькі адзін яе муж, але і многія іншыя асуджаныя. У тым ліку тыя, хто выходзіць на волю. Людзі не зьбіраюцца маўчаць, а зьвяртаюцца да праваабаронцаў, у СМІ, а таксама да яе як да грамадзянскай актывісткі. Легальных шляхоў, каб зьвесткі пра сытуацыю ў папраўчай ўстанове сталі здабыткам грамадзкасьці —шмат. Шэраг скаргаў ужо накіраваныя ў пракуратуру і Сьледчы камітэт.

Паводле Людмілы Кучуры, у сувязі з выхадам інфармацыі за межы ўстановы яе мужа чарговы раз прызналі злосным парушальнікам рэжыму, на яго накладзеныя спагнаньні ў выглядзе штрафнога ізалятару, адмоўлена ў плянавых тэлефанаваньнях дадому, яго таксама папярэдзілі пра магчымы перавод у турму.

Людміла Кучура, жонка асуджанага Пятра Кучуры
Людміла Кучура, жонка асуджанага Пятра Кучуры

Учора, 25 сакавіка, Пятро Кучура, аднак патэлефанаваў дадому і паведаміў пра чарговае ўскрыцьце ў калёніі, якое адбылося 19 сакавіка. Ён папрасіў жонку зьвярнуцца ў гэтай сувязі ў пракуратуру і Сьледчы камітэт, каб іх супрацоўнікі расьсьледавалі абставіны справы. Спадарыня Людміла ня можа пагадзіцца з тым, што муж інфармуе яе пра сытуацыю ў калёніі празь нейкія неафіцыйныя каналы. Тэлефануе ён дадому на «настойлівую просьбу» кіраўніцтва калёніі, літаральна на вачох адміністрацыі.

Жанчына, спасылаючыся на мужа, кажа, што яму «раяць, каб патрабаваў ад мяне спыніць маю актыўнасьць, паколькі яна прыносіць адміністрацыі суцэльныя нязручнасьці і непрыемнасьці. Зразумела, падчас нашай размовы закранаюцца і іншыя тэмы, паколькі мяне як жонку цікавяць ня толькі парады адміністрацыі, але ўсё, што так ці інакш зьвязана з мужам».

Падчас апошняга тэлефанаваньня дадому асуджаны таксама адзначыў, што яго «ўтрымліваюць, як зьвера ў клетцы — лісты не выпускаюць, на належныя яму званкі (не на просьбу адміністрацыі) ня водзяць. Затое кожную ноч «разы па тры прыходзяць кантралёры, сьвецяць у твар ліхтарыкам і не даюць спаць».

Пятро Кучура з жонкай і сынам, архіўнае фота
Пятро Кучура з жонкай і сынам, архіўнае фота

Пятро Кучура, былы кіроўца-дальнабойшчык, быў асуджаны ў сьнежні 2004 году за наўмыснае забойства на паляваньні дзяржаўнага інспэктара аховы жывёльнага і расьліннага сьвету. Довады адваката ды экспэртаў наконт нестыковак у доказах сьледчых улічаныя не былі.

За час зьняволеньня 62-гадовы асуджаны набыў шэраг хранічных захворваньняў, у тым ліку інваліднасьць праз хваробу сэрца.

Фармальнае права асуджанага пэнсіянэра на замену неадбытай часткі пакараньня на больш мяккае і ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ад пакараньня задаволенае не было. Як лічыць жонка асуджанага, якая ўвесь час змагаецца супраць несправядлівага выраку, гэта зьвязана з тым, што сям’я неабыякава ставіцца да пытаньня правоў чалавека за кратамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG