«Прыемна, што ўкраінцы разам з намі сьвяткуюць гэты юбілей, які вельмі важны ў станаўленьні дзяржаўнасьці. Толькі разам, з узаемнай дапамогай адзін аднаму мы можам завершыць тую працу, якую пачалі нашые продкі 100 гадоў таму», — сказаў беларускі добраахвотнік Ян Мельнікаў і прадэклямаваў верш Рыгора Барадуліна, прысьвечаны 25 сакавіка.
Прысутныя на вечарыне выканалі ўкраінскі дзяржаўны гімн і гімн часоў БНР «Мы выйшлі шчыльнымі радамі». Вечарына адбывалася пад украінскім дзяржаўным і бел-чырвона-белым сьцягамі.
У канцэрце ўзялі ўдзел беларускі бард Андрэй Касмовіч, а таксама ўкраінскія выканаўцы — Тарас Кампанічэнка, Жывасыл Люты, Xena ды Галіна Салодкая.
Калённая заля Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі ёсьць публічнай прасторай. Улады дазваляюць у гэтым памяшканьні бясплатна ладзіць імпрэзы, калі яны ня маюць камэрцыйнага характару.
Заўтра прадстаўнікі руху салідарнасьці «Разам» плянуюць правесьці акцыю на Майдане, а таксама ўзьняць бел-чырвона-белы сьцяг на алеі Добраахвотнікаў у Кіеве.