Пэкін можа ўвесьці пошліны на некаторыя амэрыканскія тавары, каб мінімізаваць «шкоду, нанесеную кітайскім інтарэсам» рашэньнем ЗША аб увядзеньні шэрагу абмежаваньняў на тавары з Кітаю. Пакуль жа кітайскія ўлады заклікаюць Вашынгтон вырашыць гандлёвы канфлікт шляхам перамоваў.
Як паведаміла ў пятніцу, міністэрства гандлю КНР, кіраўніцтва краіны плянуе ўвесьці 25-працэнтную пошліну на амэрыканскую сьвініну, а таксама 15-працэнтныя пошліны на садавіну, віно і сталёвыя трубы з ЗША. Сумарна гэта павінна прынесьці кітайскаму бюджэту каля 3 мільярдаў даляраў.
У чацьвер прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб увядзеньні шэрагу пошлін і абмежаваньняў на кітайскія тавары. Пералік тавараў, на якія распаўсюджваецца пошліна, падрыхтуюць на працягу двух тыдняў. Ён таксама даручыў распрацаваць меры па абмежаваньні кітайскіх інвэстыцый у Злучаныя Штаты. Страты Кітая ад новых амэрыканскіх пошлін складуць каля 50 мільярдаў даляраў, заявілі ў Белым доме.
Амэрыканская біржа вельмі адмоўна адрэагавала на пагрозу поўнамаштабнай гандлёвай вайны з Кітаем. Значэньне ўсіх вядучых біржавых індэксаў у чацьвер упала амаль на 3 адсоткі.
9 сакавіка Трамп зацьвердзіў імпартныя пошліны на сталь і алюміній. Эўразьвяз паабяцаў прыняць меры ў адказ, але ЗША часова вывелі Брусэль і шэраг іншых краін з-пад дзеяньня новых пошлін.