Журналіст тэлеканалу «Настоящее время» Рэнат Даўлетгільдзееў распавёў аб сэксуальных дамаганьнях з боку кіраўніка ЛДПР Уладзімера Жырыноўскага.
Па словах Даўлетгільдзеева, Жырыноўскі дамагаўся яго пасьля фіналу конкурсу «Міс Расея» ў 2006 годзе падчас невялікага інтэрвію. Таксама, па словах журналіста, памочнікі дэпутата спрабавалі вывезьці яго ў «карпаратыўную сауну ЛДПР».
«Я быў зусім малады, каленкі хадзілі ходырам ад адной думкі пра тое, што перад табой дэпутат, міністар і гэтак далей, здавалася, што я абавязаны глядзець ім у рот», — напісаў Рэнат.
Расейскі журналіст абвінаваціў Жырыноўскага ў сэксуальных дамаганьнях
«Настоящее время» пагаварыла з Рэнатам пра тое, што ён перажыў, чаму менавіта цяпер вырашыў расказаць пра гэта і як на яго прызнаньне адрэагавалі яго сябры і падпісанты.
— Чаму ты распавёў пра гэта?
— Я не чакаў, што мой пост у Фэйсбуку выкліча такі рэзананс. Я вырашыў напісаць гісторыю, якая для мяне была нейкім сакрэтам Полішынэля. Таму што гэта ўсё здарылася ў 2006 годзе, 12 гадоў прайшло. І я на працягу гэтых 12 гадоў ня тое каб хаваў факт таго, што адбылося. Распавядаў пра гэта, і ўсё маё блізкае асяродзьдзе было ў курсе.
— Дык што адбылося?
— Я тады працаваў стажорам у выданьні «Газета.Ру». Я працаваў у сьвецкай хроніцы і ў рэклямных матэрыялах. І, па-мойму, нават пісаў заказны матэрыял пра конкурс «Міс Расея».
— Колькі табе было гадоў?
— Мне было 20 гадоў — нават, мне здаецца, менш трошкі. Уладзімер Жырыноўскі трошкі раней сышоў з цырымоніі ўручэньня прэміі «Міс Расея», я пабег за ім, каб атрымаць камэнтар, таму што ў зале гэта цяжка рабіць. Гэта было ў холе. Ён пачаў мне даваць камэнтар і стаў ня вельмі прыстойна сябе паводзіць у адносінах да мяне, пачаў мяне чапаць. Ён чапаў мяне за рукі, у тым ліку, за плечы і ледзь ніжэй чапаў за цела, за зад. І пайшоў, даўшы мне камэнтар. Потым да мяне падышлі маладыя людзі, я іх ня ведаю, яны былі ў асяродзьдзі Ўладзімера Жырыноўскага, я выказаў здагадку, што гэта ахоўнікі спадара Жырыноўскага. Яны мяне павялі ў бок выхаду, прапаноўваючы паехаць зь імі і з Уладзімерам Вольфавічам у сауну. Для іх гэта нармальная зьява, адзін зь іх нават кінуў фразу: «Чаго ты баісься, так усё робяць».
— Чым гэта скончылася?
— Гэта нічым ня скончылася. Я страшна спалохаўся, я быў досыць малады. Яны мяне ня тое каб трымалі, ня трэба думаць, што яны мяне сілай валаклі, зацягвалі ў нейкую машыну — безумоўна, такога не было. Проста, ведаеш, калі цябе вядуць і так падштурхоўваюць да выхаду проста за руку, за локаць бяз гвалту. Ня было такога. Некаторым падалося, мяне штурхалі ў машыну — не, не штурхалі.
— Людзі, надзеленыя, так ці інакш, пазыцыяй. Лягічна выказаць здагадку і спытаць цябе: гэта здарылася ў 2006 годзе. Як ні круці, гэта абвінавачваньне, хаця і няма ў расейскім заканадаўстве (пакуль, я спадзяюся) ніякага крымінальнага пакараньня за гэта. Значыць, павінны быць нейкія сьведкі, каб даказаць твае словы. Ты калі-небудзь расказваў пра гэта камусьці?
— Я ніколі гэтага не хаваў. Складана гэта даказаць. Па-першае, я не лічу гэта нейкім жахлівым абвінавачваньнем, таму што калі б я тады сябе павёў інакш, напэўна, я б быў у іншым праве сёньня. Калі б я тады надаў гэтаму публічнасьць, калі б я тады сябе неяк інакш павёў. Адзінае, што я рабіў, — я расказваў гэтую гісторыю як байку сваім прыяцелям і блізкім сябрам. Я зараз не хачу ніякіх выбачэньняў.
— Якія камэнтары ты атрымліваеш у Фэйсбуку?
— Тут важна падзяліць: у Фэйсбуку ці Вконтакте. У Фэйсбуку я атрымліваю, у асноўным, камэнтары са словамі падтрымкі. Я вельмі ўдзячны многім людзям, якія перапосьцілі гэты статус, напісалі мне, напісалі нейкія важныя словы. Ёсьць людзі, якія пісалі мне, што ў іх таксама ёсьць падобныя гісторыі, у тым ліку пра людзей, якія маюць прамое дачыненьне да Ўладзімера Жырыноўскага і якія зьяўляюцца яго аднапартыйцамі. Яны не гатовыя пакуль распавядаць пра гэта публічна, пра сябе, прозьвішчы гэтых людзей, але я спадзяюся, што, можа быць, зьявяцца заўтра людзі, якія напішуць усё-ткі што-небудзь. Я з многімі зь іх перапісваюся. Вконтакте, у асноўным, мне пішуць пажаданьні гарэць у пекле.
— То бок, гэта пагрозы?
— У асноўным, пагрозы. Я атрымліваў іх на працягу ўсяго дня, і літаральна перад эфірам проста вырашыў зачыніць сваю старонку Вконтакте. Гэта даволі непрыемна і цяжка.
— Ты б быў гатовы да разгляду, паўтору гэтай гісторыі ў Дзярждуме на камісіі па этыцы?
— Ты маеш на ўвазе, ці гатовы я выступіць на камісіі ў Дзярждуме? Так, вядома, чаму не.
— Што Жырыноўскі павінен, на твой погляд, зрабіць, каб табе здалося, што мы сталі жыць лепш?
— А тут жа справа ня ў ім. Мы можам ставіцца да Уладзімера Жырыноўскага па-рознаму, лічыць яго палітыкам публічным або палітыкам з сфэры касьмічных прастораў. Але мяне не рэакцыя Уладзіміра Жырыноўскага, чалавека сыходзячай палітычнай эпохі, хвалюе, а фарміраваньне новай палітычнай эліты, якая такіх рэчаў дазваляць сабе не будзе, і для гэтага патрэбна дыскусія, якую я, у тым ліку, спрабую ўздымаць.