Аўтар Свабоды Зьміцер Бартосік знайшоў далёкую сваячку міністра сельскай гаспадаркі ўраду БНР Аркадзя Смоліча.
81-гадовая жыхарка Менску Аліна Сакольчык жыве зусім побач зь Вялікім тэатрам опэры і балету, каля якога адбудзецца сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Па бацькавай лініі яна паходзіць з роду Смолічаў, да якога належаў міністар ураду БНР Аркадзь Смоліч. Аліна Сакольчык будзе адной госьцяй «Сьвята незалежнасьці» 25 сакавіка.
Дом на Траецкай гары
Паваенны сталінскі дом на рагу Багдановіча і Заборскага. Стары пад’езд, пафарбаваны бэжавай алейнай фарбай. Утульныя пахі старога жытла.
Я абышоў ужо не адну кватэру ў пошуках сьведак. Сьведак тых 1950-х, калі тут у двары яшчэ стаяў дом, дзе нарадзіўся Багдановіч. Ці жыхароў 1960-х, калі з Траецкай гары да Верхняга гораду можна было даехаць на трамваі. Ці хоць бы тых, для каго ў 1990-я плошча Парыскай Камуны была месцам сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці.
І вось дзьверы адной з кватэр адчыняюцца. На парозе пажылая дама. Невысокая, але статная. Прамы позірк, поўны годнасьці і павагі да візаві. Правільная беларуская мова гаспадыні не зьдзівіла, але ўзрадавала. Як запрашэньне да размовы. Адрэкамэндаваўшыся, з задавальненьнем заўважыў лёгкую ўсьмешку ў вачах: гаспадыня — даўняя слухачка Радыё Свабода.
Аліна Сакольчык памятае, як у 1990-я гады тут адбываліся дэманстрацыі і мітынгі.
«Я прымала ўдзел вельмі актыўны. Так што вельмі прыемна, што гэта будзе тут яшчэ раз. Я нават не чакала, што гэтым разам улады так паставяцца», — кажа гаспадыня.
Мэбля, якая «памятае» БНР
Вялікае зьдзіўленьне мяне ахапіла, калі я прайшоў у кватэру. Нібыта апынуўся ў іншым часе. Сама меней на пачатку ХХ стагодзьдзя. Высокае трумо з пацьмянелым люстрам. Высачэзны разны буфэт. Старыя абажуры. Бронзавыя статуэткі. Вытанчаныя жырандолі і кандэлябры. Звычайна такія аскепкі былой раскошы бачыш у краязнаўчых музэях. Па адной, па дзьве рэчы. У экспазыцыі «дваранскі побыт да рэвалюцыі». Але ў атачэньні дзясяткаў артэфактаў немузэйнага інтэр’еру я крыху сумеўся. «Няйначай, трафэйнае дабро», — быў падумаў.
Аліна Паўлаўна Сакольчык, у дзявоцтве Нікалаевіч, жыве ў гэтым доме ад 1954 году. Яе бацька, Павал Аляксандравіч Нікалаевіч належаў да эканамічнай эліты БССР. Ён быў намесьнікам міністра мясной і малочнай прамысловасьці. Адсюль і кватэра ў гэтым «няпростым» доме.
Пакуль на пліце закіпаў чайнік, спадарыня Аліна паскардзілася, што крама выдавецтва «Галіяфы» пераехала адсюль.
«Я проста малілася на іх. Хадзіла туды на ўсе іхныя імпрэзы. Так мне падабалася».
Што можа хваляваць адукаваную 81-гадовую беларускую даму? Ну ня пэнсіі ж!
З роду сьвятароў Смолічаў
Аліна Сакольчык па прафэсіі кіназнаўца. Доўгі час працавала ў студыі дакумэнтальных фільмаў на «Беларусьфільме». Мы весела гаманілі, згадвалі агульных знаёмых. Пакуль не прагучала тое, ад чаго звычайная карціна пачала трансфармавацца. Як у кіно.
«Я па маці майго бацькі са Смолічаў. Ягоная маці была Смоліч. Я знайшла дакумэнты ў архіве. Гэта сьвятарскі род. І мой дзед па бацьку, Аляксандар Нікалаевіч, служыў сьвятаром у царкве ў Турыне (гэта цяпер Пухавіцкі раён). Яго забралі ў 37-м годзе. Памёр падчас допытаў. Я хадзіла ў КДБ. Гэта ня проста так кажу. І дзе ён пахаваны, ніхто ня ведае. Я штогод у Курапаты хаджу. Гэта па лініі бацькі. А па лініі маці бабуля з францускіх каляністаў. Канца XVIII стагодзьдзя. Яна ў мяне Шарпё. Адэля Шарпё. Таксама маю дакумэнты», — расказала Аліна Сакольчык.
Дзед-сьвятар — ахвяра Сталіна
«Картатэка Сталіна» мае наступныя зьвесткі пра дзеда Аліны Сакольчык:
«НІКАЛАЕВІЧ Аляксандар Фядотавіч, нар. 1870 у м. Лепіна Слуцкага р-ну, беларус, зь сялянаў, сярэдняя адук., сьвятар. Бяз пэўных заняткаў, п. Н.-Турын Пухавіцкага р-ну. Арыштаваны 37.12.12. Асуджаны 37.12.31 „тройкай“ за а/с агітацыю паводле арт. 72а КК БССР на 10 гадоў ППЛ».
Аліне Сакольчык вядома, што Аляксандар Нікалаевіч ажаніўся ў Турыне зь дзяўчынай з дому Смолічаў.
«Ён ажаніўся з адной з дачок Стэфана Смоліча, які быў настаяцелем у Турыне. У Стэфана было пяць дачок. Мая бабуля Агаф’я была вясковай настаўніцай. Мой дзед таксама скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю».
Спадарыня Аліна ў пошуках сваіх каранёў дайшла да пачатку ХІХ стагодзьдзя. Да часоў свайго прапрадзеда, сьвятара Савы Смоліча. І Сава, і ягоныя браты, і ягоныя сыны ўсе былі сьвятарамі і служылі ў Бабруйскім павеце. Міністар сельскай гаспадаркі БНР Аркадзь Смоліч паходзіў са сьвятарскага роду, і таксама з Бабруйшчыны.
Два сьвятарскія роды з адной мясьціны, аднаго прозьвішча мусілі мець аднаго продка. У якім стагодзьдзі сыходзяцца лінія Савы Смоліча і лінія продкаў Аркадзя Смоліча, яшчэ трэба будзе вызначыць.
Апрача далёкага сваяцтва з Аркадзем Смолічам, бацька Аліны Сакольчык Павал Нікалаевіч нейкі час быў ягоным супрацоўнікам у Акадэміі навук.
Гісторыя роду была табу
Я глыбей утуліўся ў стары фатэль, спрабуючы спакойна звыкнуцца з простым фактам, што я выпадкова завітаў да дачкі супрацоўніка Аркадзя Смоліча і ягонай жа далёкай сваячкі. Але ж на гэтым сюрпрызы ня скончыліся. Я сядзеў у інтэр’еры часоў Беларускай Народнай Рэспублікі.
«Гэтая мэбля з дома Нікалаевіча. Вёска Турын і цяпер існуе. Толькі царкву развалілі. А гэта ўсё радавое. Я пражыла ўсё жыцьцё і нічога гэтага ня ведала. Мой бацька маўчаў. Гэта было табу. Ён маўчаў усё жыцьцё. Бо займаў пасады адказныя. Яго ў ЦК зацьвярджалі. Я ня ведала нічога».
Пра сваё паходжаньне са сьвятарскага роду Аліна Сакольчык даведалася толькі пад канец жыцьця бацькі, выпадкова натрапіла на паперы, якія сьведчылі, што ён сын сьвятара.
«Гэта было адкрыцьцё. І калі ён памёр у 1988 годзе, я пачала езьдзіць у Турын. Былі яшчэ жывыя людзі, якія памяталі майго дзеда. Царкву закрылі ў 1929-м. Ён жыў па хатах. Жонка ягоная, Смоліч, памерла яшчэ раней. А мэблю перавезьлі ў Менск. Бацька нарадзіўся ў 1904-м. У 1937-м яму было 33 гады. Не зачапіла. Але маўчаў усё жыцьцё».
Калі я выйшаў у менскі двор, упрыгожаны архітэктурнай інсталяцыяй на месцы дома, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч, і нэрвова закурыў, да мяне дайшоў просты факт. На разьвітаньне ціснучы руку спадарыні Аліне, я праз два поціскі павітаўся зь першым беларускім прафэсарам геаграфіі, аўтарам найлепшага беларускага падручніка па гэтым прадмеце на ўсе часы. Усё ж трэба выкінуць са свайго лексыкону слова «звычайны». Прынамсі, калі гаворка ідзе пра Беларускую Народную Рэспубліку.
Аркадзь Смоліч, адзін з «бацькоў» БНР
Аркадзь Антонавіч Смоліч (17 верасьня (паводле новага стылю 29 верасьня) 1891 — 17 чэрвеня 1938) — дзяяч нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня, адзін з тэарэтыкаў беларускай сацыял-дэмакратыі, адмысловец у галіне геаграфіі, эканомікі, картаграфіі, міністар сельскай гаспадаркі БНР.
Нарадзіўся 17 верасьня 1891 году ў в. Бацэвічы Бабруйскага павету. Скончыў Менскую духоўную сэмінарыю (1905), Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводзтва ў Пулавах (Польшча,1916), вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце.
Аркадзь Смоліч быў адным з тых, дзякуючы каму 25 сакавіка была абвешчана незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Сакратар асьветы ва ўрадзе БНР. Быў паслом БНР ва Ўкраіне, ад якой дамогся крэдытаў у памеры чатырох мільёнаў карбованцаў. Стваральнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, для якой склаў праграму, і разам зь Яўхімам Карскім, Уладзімірам Завітневічам і Мітрафанам Доўнарам-Запольскім працаваў над стварэньнем Нацыянальнага ўнівэрсытэту.
Аўтар «Геаграфіі Беларусі», якая была надрукавана ў Вільні ў 1919 годзе з эпіграфам: «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў».
Пасьля другой акупацыі Беларусі Польшчай у верасьні 1920-га Аркадзь Смоліч пераехаў у Вільню, дзе ўдзельнічаў у стварэньні Таварыства беларускай школы і быў яго першым старшынём.
Вярнуўся ў БССР у жніўні 1922 году. У 1924-м ён арганізаваў Цэнтральнае бюро краязнаўства і ўдзельнічаў у выданьні часопіса «Наш край», вызначыўшы, што «Краязнаўчая праца, аб’яднаючы вучонага-дасьледчыка і маладзенькага піянэра — зьбіральніка калекцый, ёсьць адзіная гарантыя таго, што Беларусь перастае быць краем, невядомым для саміх беларусаў, а ў выніку гэтага зьменіцца выгляд усяе нашае гаспадаркі, ды і ўсяе беларускае культуры».
Дзякуючы Смолічу ў 1926 годзе 5-тысячным накладам быў надрукаваны першы з трох тамоў твораў Максіма Багдановіча (пазьней яго прозьвішча як адказнага рэдактара выкрэсьлівалі з гэтага выданьня).
Нарэшце, 27 лютага 1927 году пастановай Народнага камісарыяту асьветы БССР Смоліч задняй датай (з 1 студзеня) быў прызначаны на пасаду прафэсара, стаўшы першым прафэсарам геаграфіі БССР.
Дзякуючы Смолічу, Усеваладу Ігнатоўскаму, Вацлаву Ластоўскаму і Сьцяпану Некрашэвічу з 1 студзеня 1929 году пачала сваю дзейнасьць Акадэмія навук БССР.
26 чэрвеня 1930 году, у ліку сотні беларускіх навукоўцаў і літаратараў Аркадзь Смоліч быў арыштаваны ў справе «Саюз вызваленьня Беларусі». 10 красавіка 1931 году за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» ён быў сасланы на 5 гадоў у горад Оса Пермскай вобласьці, а затым у горад Ішым Цюменскай вобласьці Расеі.
Пасьля заканчэньня тэрміну адміністрацыйнай высылкі ў 1935 годзе, не маючы магчымасьці выехаць на радзіму, ён жыў у Ішыме.
У ноч з 17 на 18 чэрвеня 1937 году Смоліч быў зноў арыштаваны і 10 чэрвеня 1938 года прыгавораны да найвышэйшай меры пакараньня. 17 чэрвеня 1938 году расстраляны ў Омскай турме.