36-гадовую жыхарку Віцебску судзілі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: за жорсткае абыходжаньне з жывёлай і за збыт скрадзенай завушніцы. Пакараньне прызначана па сукупнасьці прысудаў — паўтара года абмежаваньня волі безь зьмяшчэньня ў папраўчую ўстанову. Акрамя таго, жанчыну прымусова накіруюць на лячэньне ад алькагалізму.
Працэс у судзе Першамайскага раёну распачаўся 2 сакавіка, старшынявала на ім судзьдзя Алена Протас. Абвінавачаная Марына К. прызнала сваю віну, кваліфікаваную паводле ч.1 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу «Жорсткае абыходжаньне з жывёлай, якое прывяло да сьмерці або калецтва, зьдзейсьненае з хуліганскіх, карысьлівых ці іншых нізкіх пабуджэньняў альбо ў прысутнасьці заведама малалетняга».
Адзінае, што яна спрабавала аспрэчыць — гэта прысутнасьць дачкі падчас таго, як яна скінула сабаку з балькона сваёй кватэры. Жанчына пераконвала суд, што не жадала сьмерці сабакі, а толькі хацела яго «правучыць».
Раззлавалася, схапіла сабаку і шпурнула яго з балькона
Інцыдэнт здарыўся 26 лістапада. У той дзень да Марыны прыйшла сяброўка, прынесла чатыры літры піва. Пілі на траіх — Марына, яе сяброўка і брат. Дома была і Марыніна адзінаццацігадовая дачка.
Пасярод ночы падсудная прачнулася, пайшла на кухню і наступіла ў лужыну. Паводле ейных словаў, сабака быў «нявыхаваны» і часта спраўляў патрэбу ў кватэры. Жанчына кажа, што раззлавалася, схапіла сабаку і з размаху шпурнула яго з балькона.
У судзе яна сьведчыла, што зьбіралася спусьціцца ўніз і забраць жывёліну, бо ня ведала, што тая заб’ецца. Аднак, пакуль зьбіралася, у кватэру прыйшла міліцыя.
Міліцыянтаў выклікалі выпадковыя мінакі, якія сталі сьведкамі здарэньня. Яны чулі крыкі на верхніх паверхах. Пра сварку Марыны з дачкой казалі і бліжэйшыя суседзі.
Сабака па мянушцы Віта жыў у сямʼі з чэрвеня 2017 году. Цяпер у Марыны таксама ёсьць жывёлы — іншы сабака і кот. У адной кватэры з гаспадыняй жыве яе брат, а непаўналетнія дзеці гадуюцца асобна: малодшую дачку пасьля інцыдэнту з сабакам перадалі пад апеку сваячцы, а старэйшая, 15-гадовая, ужо колькі год жыве з бацькам і бабуляй.
Шкадуе пра ўчыненае, хавала твар ад камэр
Акрамя жорсткага абыходжаньня з жывёлай, суд разгледзеў другі эпізод, кваліфікаваны паводле часткі 1 артыкула 236 Крымінальнага кодэксу «Набыцьцё або збыт матэрыяльных каштоўнасьцяў, заведама здабытых злачынным шляхам». У лютым 2017 году абвінавачаная здала ў лямбард завушніцу, якую прынесла ёй сяброўка. «Трафэй» быў знойдзены на месцы бойкі з суседкай. На атрыманыя ў лямбардзе грошы — 40 рублёў — Марына купіла ласункі сваёй дачцэ і дзецям сяброўкі.
Матэрыяльная шкода за скрадзеную завушніцу ўжо кампэнсаваная. За гэтае злачынства судзьдзя пастанавіла пакараць абвінавачаную абмежаваньнем волі. За забойства сабакі ў прысутнасьці непаўналетняй дачкі — штрафам памерам 100 базавых велічынь. Аднак у сілу таго, што большае пакараньне паглынае меншае, выніковым выракам стала абмежаваньне волі на паўтара года безь зьмяшчэньня ў папраўчую ўстанову.
У сваім апошнім слове Марына К. казала, што шкадуе пра ўчыненае. Цягам усяго судовага працэсу яна ўпарта хавала твар ад фатакамэр журналістаў.