Літоўская мытня праводзіць унутранае расьсьледаваньне адносна інцыдэнту, які здарыўся 15 сакавіка з грамадзянкай Беларусі Нікай Кошар у віленскім аэрапорце, сказаў у інтэрвію Свабодзе афіцыйны прадстаўнік дзяржаўнага ведамства.
Як паведамілі нам у МЗС Беларусі, па справе Кошар яшчэ 17 сакавіка беларуская амбасада даслала ноту ў МЗС Літвы і чакае адказу.
У фэйсбуку Ніка Кошар напісала пра грубы надгляд з эндаскапіяй, рэнтгенам і пагрозамі ў віленскім аэрапорце. Наркотыкаў у яе не знайшлі, паліцыянты каротка выбачыліся за нязручнасьці і адпусьцілі.
Беларуска ляцела да Вільні з Пэру зь перасадкай у Амстэрдаме, ад Вільні зьбіралася дабрацца да Менску на цягніку.
Літоўская мытня: «У Літве даволі сур’ёзна змагаюцца з кантрабандай наркотыкаў»
Прадстаўнік літоўскай мытні Гедымінас Кулікаўскас сказаў карэспандэнту Свабоды, што расьсьледаваньне яшчэ працягваецца, і калі будуць выяўленыя парушэньні, пра іх абавязкова абвесьцяць.
— Пакуль высьвятляем акалічнасьці, ці не былі парушаныя працэдуры. Гэтае расьсьледаваньне завяршаецца, але пакуль мы ня можам камэнтаваць нюансы: былі парушэньні ці не. Наколькі я ўнікаў у сытуацыю, то пераважна прэтэнзіі былі да мэдычных работнікаў. Але я таксама не магу камэнтаваць, бо ня ўдзельнічаў і ня ведаю, якое было абсьледаваньне. Калі былі парушэньні, мы абавязкова гэта абвесьцім, і даволі хутка.
— Наколькі апраўданымі былі захады, прынятыя адносна грамадзянкі Беларусі?
— Калі ёсьць падазрэньні адносна перавозкі наркотыкаў, асабліва такім чынам, мы павінны правяраць. Гэта абавязак супрацоўнікаў мытні. Бо такія выпадкі ў нас час ад часу здараюцца. Апошнімі гадамі ў Літве даволі сур’ёзна змагаюцца з кантрабандай наркотыкаў.
У мінулым годзе — гэта рэкорд за ўвесь час — былі затрыманыя дзьве тоны наркотыкаў. Літва — транзытная краіна пры перавозцы, кантрабандзе наркотыкаў. То бок ёсьць такая праблема, і мы даволі сур’ёзна правяраем пасажыраў.
Вядома, мы разумеем, што гэта непрыемна, асабліва калі чалавек не зьвязаны зь імі. Але калі ў нас ёсьць падставы і сурʼёзныя падазрэньні адносна такой перавозкі, мы абавязаныя праверыць, каб такія падазрэньні разьвеяць.
— Аднак у Нікі Кошар нічога не знайшлі?
Падазрэньні не пацьвердзіліся, мы гэта прызнаём
— Не знайшлі. Але да праверкі нельга сказаць, знойдзеш ці не. На жаль, сытуацыя такая, што працэдуры непрыемныя, і чалавек застаецца ў стрэсавым стане. Але мы ўсё ж павінны правяраць, калі ёсьць інфармацыя, што ёсьць падазрэньне наконт перавозкі наркотыкаў. Інфармацыя не пацьвердзілася, мы гэта прызнаём. Мы прызнаём факт праверкі. Ці былі парушэньні — мы цяпер высьвятляем. Калі былі, то мы прымем гэта да ўвагі.
— Якія парушэньні вы маеце на ўвазе?
— Цяпер ідзе ўнутранае расьсьледаваньне, ці былі парушэньні падчас працэдур, якія звычайна праводзяцца падчас такой праверкі. Калі ёсьць падазрэньне на перавозку ў страваводзе наркотыкаў, вельмі мала спосабаў гэта выявіць без эндаскапіі, рэнтгену.
Спосаб праверкі, стыль праверкі — гэта мы высьвятляем, ці было гэта насамрэч так, як апісвае грамадзянка Беларусі. Але нават калі максымальна далікатна правяраць чалавека з такім падазрэньнем, гэта ўсё роўна яму будзе непрыемна. Мы гэта прызнаём і па-чалавечы спачуваем. Але ўсё ж праверыць трэба.
«Матам патрабавалі „не выпендрывацца“»
Ніка Кошар кажа, што адразу каля трапа самалёта ў віленскім аэрапорце яе сустрэлі мытнікі і людзі ў цывільным, пыталіся, ці ведае яна «нейкага Раўля ці Паўля», пра якога яна ня ведала. У яе забралі рэчы, шукалі ў іх наркотыкі. На надглядзе яе прымусілі цалкам распрануцца, «абмацалі», піша яна, але наркотыкаў не знайшлі.
Тады яе павезьлі ў клініку, каб праверыць, ці не правозіць яна наркотыкі ў сабе. Там у яе праверылі ціск, ён быў надта высокі (145 на 90 супраць нармальных 90 на 60), але на гэта ёй сказалі: «Жыць будзеш». Правялі рэнтген, забралі пашпарт, трымалі яшчэ дзьве гадзіны, не выпускаючы нават у прыбіральню.
Пасьля, кажа жанчына, ёй правялі эндаскапію (агляд унутраных органаў праз трубку, што ўводзіцца ў рот), яе званітавала, але працэдуру не спынілі, трымалі яе і матам патрабавалі «не выпендрывацца», прыгразілі «па поўнай» правесьці агляд похвы і прамой кішкі. Пасьля адвялі таксама на МРТ, яшчэ раз прасканавалі.
19 сакавіка Ніка Кошар сказала карэспандэнту Свабоды, што пакуль перад ёй ніхто ня выбачыўся: «Усе маўчаць».