Пляны Кіева не дапусьціць расейцаў у дыпляматычныя прадстаўніцтвы Расеі ва Украіне 18 сакавіка, у дзень выбараў прэзыдэнта, парушаюць іх правы, заявіў кіраўнік камітэту Савета Фэдэрацыі па міжнародных справах Канстанцін Касачоў. Яго цытуе агенцтва «Інтэрфакс».
Паводле Касачова, «пра гэтую пагрозу дэмакратыі і грамадзянскім свабодам неабходна заяўляць ва ўвесь голас на ўсіх міжнародных пляцоўках, у тым ліку ААН, АБСЭ і Радзе Эўропы».
Міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў раней у пятніцу напісаў на сваёй старонцы ў Facebook:
«МУС Украіны паведамляе, што ў нядзелю 18 сакавіка 2018 году рэжым аховы дыпляматычных устаноў Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Украіны — у Кіеве, Харкаве, Адэсе і Львове — ня будзе прадугледжваць доступу да гэтых аб’ектаў грамадзян РФ для галасаваньня на выбарах».
«Улічваючы публічныя акцыі пратэсту ва ўкраінскім грамадзтве, грэбаваньне з боку Расеі законнымі патрабаваньнямі ўкраінскага боку, каб пазьбегнуць правакацый і магчымых цяжкіх наступстваў, падразьдзяленьні Нацпаліцыі і Нацгвардыі забясьпечаць ў гэты дзень належную ахову ўсіх дыпляматычных прадстаўніцтваў і ўстаноў, а таксама прылеглых да іх тэрыторый».
Украінскі бок рэзка крытыкуе Расею за намер правесьці прэзыдэнцкія выбары ў анэксаваным Крыме.